Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫРЦЫ́,
вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.
Самы вял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.
Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс.га (1995).
У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл.Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл.Лебедзі), чэрнець белавокая (гл.Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.