Чэк 1/66; 4/348; 11/257

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭК (англ. check),

грашовы дакумент устаноўленай формы; адзін з відаў каштоўных папер. Друкуецца на спец. паперы са ступенямі аховы. З’яўляецца распараджэннем чэкадаўца (асобы, якая выпісала Ч.) банку або інш. крэдытнай установе аб выплаце ўказанай у Ч. сумы грошай трымальніку Ч. (асобе, якой выдадзены Ч.). Гэта сума здымаецца з чэкавага рахунку чэкадаўца ў банку і пераводзіцца або выдаецца банкам чэкатрымальніку; банк можа аплаціць Ч. і за кошт крэдыту чэкадаўца. Ч. бываюць імянныя (на пэўную асобу), ордэрныя (на карысць якой-н. асобы), прад’яўнічыя (на прад’яўніка). Ч. сапраўдны на працягу пэўнага тэрміну. Для разлікаў паміж банкамі выкарыстоўваюцца Ч. банкаўскія. Таксама Ч. наз. квітанцыю касы аб прыёме грошай ад пакупніка ў рознічным гандлі, якая сведчыць пра аплату і дае магчымасць атрымаць пакупку. Дзейнічае ў межах крамы, дзе ён аплачаны.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭК (Cech) Томас Роберт (н. 8.12.1947, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі біяхімік і малекулярны генетык. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1988). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1975). З 1975 у Нац. анкалагічным цэнтры пры Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1978 ва ун-це штата Каларада ў г. Боўлдэр (з 1983 праф.). Адначасова з 1978 у Нац. ін-це здароўя, з 1988 у мед. ін-це Ховарда Х’ю (з 2002 прэзідэнт). Навук. працы па біяхіміі, малекулярнай і структурнай біялогіі, генетыцы. Адкрыў ферментатыўна актыўныя малекулы рыбанкулеінавых к-т (рыбазімы) і даказаў, што РНК з’яўляецца не толькі пераносчыкам генет. інфармацыі, але, падобна бялкам, таксама каталізуе жыццёва важныя ўнутрыклетачныя хім. рэакцыі (1982, незалежна ад С.Олтмена). Нобелеўская прэмія 1989 (з Олтменам). Нац. Навук. медаль ЗША (1995).

Тв.:

Рус. пер. — РНК-фермент // В мире науки. 1987. № 1.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ТЫ юрыдычныя,

даныя, якія павінны змяшчацца ў акце, дакуменце для прызнання яго сапраўдным. Напр., дагавор, чэк, вэксаль і інш. павінны мець такія Р., як назва дакумента, дата яго складання, сума, што належыць аплаце, найменне плацельшчыка і інш.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЎЧАР (ад англ. voucher распіска, паручыцельства),

1) грашовы апраўдальны дакумент (напр., аплочаны рахунак-фактура, пагашаны рахунак або квітанцыя); распіска.

2) Дакумент, які сведчыць выдачу крэдыту, аплату.

3) Прыватызацыйны чэк на прад’яўніка для мэтавага набыцця каштоўных папер з абмежаванай сферай абарачэння — акцый, аблігацый і інш. 4) Кантрольны талон.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РТВЕЛ (HartweU) Леланд (н. 30.10.1939),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1987). Д-р філасофіі (1964). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1961). З 1965 у Каліфарнійскім, з 1968 у Вашынгтонскім ун-тах, адначасова (з 1997) прэзідэнт і дырэктар Цэнтра па даследаванні раку (г. Сіэтл). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Адкрыў спецыфічны клас генаў, якія кантралююць клетачны цыкл. Увёў паняцце «чэк-пойнт» — кантрольны пункт, у якім клетачны цыкл прыпыняецца для геннай праверкі. Нобелеўская прэмія 2001 (з П.Нёрсам і Т.Хантам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

Л.Хартвел.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕ́ЖНЫ СРО́ДАК,

плацежныя дакументы (плацежныя даручэнні, плацежныя запатрабаванні, разліковыя чэкі і інш.), акрэдытывы, грошы, каштоўныя паперы, пры дапамозе якіх ажыццяўляюцца плацяжы. Плацежнае даручэнне — разліковы дакумент, які змяшчае даручэнне плацельшчыка банку аб пералічэнні (пераводзе) сродкаў з яго рахунку на рахунак атрымальніка. Пры дапамозе даручэнняў ажыццяўляюцца разлікі за атрыманыя тавары і аказаныя паслугі (выкананыя работы), разлікі па нетаварных аперацыях і інш. Плацежнае запатрабаванне — разліковы дакумент, які выкарыстоўваецца таксама пры безнаяўных разліках, калі атрымальнік сродкаў прадстаўляе ў банк патрабаванне да плацельшчыка аб уплаце выплаце* пэўнай сумы праз банк за таварна-матэрыяльныя каштоўнасці (работы, паслугі). Да запатрабавання можа дадавацца рахунак-фактура для расшыфроўкі характару патрабавання і сумы плацяжу. Разліковы чэк — пісьмовае распараджэнне ўладальніка разліковага або бягучага рахунку (чэкадаўца) банку аб уплаце выплаце* ў парадку безнаяўнага разліку пэўнай сумы грошай чэкатрымальніку. Бываюць неакцэптаваныя банкам і акцэптаваныя (сума чэка спісваецца банкам з рахунка чэкадаўца і дэпаніруецца на асобым рахунку для забеспячэння аплаты чэка), лімітаваныя (з указаннем пэўнай сумы сродкаў) і нелімітаваныя (без ліміту сродкаў).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́СТЭР (Foster) Норман Роберт (н. 1.6.1935, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія),

архітэктар. Чл. палаты лордаў Брыт. парламента (з 1999). Афіц. каралеўскі індустр. дызайнер. Скончыў політэхн. ін-т у Манчэстэры (1961), магістратуру ун-та ў г. Гейл (ЗША; 1963). Кіраўнік міжнар. студыі архітэктуры, планіроўкі і дызайну «Фостэр і партнёры». Стварае арх. праекты буйных грамадскіх цэнтраў, офісных будынкаў, дызайн мэблі і інш. Асн. работы: штаб Карпарацыі банкаўскай справы ў г. Шанхай (Кітай, 1979), аэрапорты Станстэд у Лондане (1990), Чэк Лап Кок у Сянгане (Кітай, 1998, самы буйны у свеце), тэлевежа Калсерола ў г. Барселона (Іспанія, 1992), эка-небаскроб «Комерцбанк» у г. Франкфурт-на-Майне (Германія, 1992; выш. 299 м), станцыя метро ў г. Більбао (Іспанія, 1996), шкляны купал рэйхстага ў Берліне (1999), Лондан-Сіці-Хол (2002). Аўтар рэканструкцыі Вял. двара Брыт. музея (2000). Міжнар. арх. прэмія Прыцкера 1999. Іл. гл. таксама да арт. Франкфурт-на-Майне.

Літ.:

Потаева Я. Норман Фостер — лидер современной британской архитектуры // Архитектура и стр-во. 2002. № 5.

Я.​Г.​Патаева.

Н.Р.Фостэр. Лондан-Сіці-Хол.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)