Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІ́РАВАНЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун, у які ўводзяць т. зв. легіруючыя элементы для надання пэўных уласцівасцей (гл.Легіраванне).
Бывае нізкалегіраваны (легіруючых элементаў да 3%), сярэдне- (ад 3 да 10%) і высокалегіраваны (больш за 10%); гарачатрывалы і гарачаўстойлівы (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы), анты фрыкцыйны, зносаўстойлівы, немагнітны і інш.Чыгун, у які легіруючыя элементы пераходзяць з руды, наз. прыродналегіраваным. Л.ч. ідзе на блокі цыліндраў, поршні, каленчатыя валы, падшыпнікі, дэталі вузлоў трэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГРА́НКА,
шахтавая печ для плаўлення чыгуну ў ліцейнай вытв-сці. Сучасная вагранка — стальны цыліндр з таўшч. сценак да 10 мм, абліцаваны ўнутры вогнетрывалай цэглай; забяспечваецца рэкуператарамі, пылаўлоўнікамі, газаачышчальнымі прыстасаваннямі, сістэмай аўтам. прылад і рэгулятараў. Метал. шыхту (ліцейны чыгун, чыгунны лом і інш.) і паліва (кокс, ліцейны антрацыт і інш.) загружаюць у вагранкі слаямі (калошамі). Паветра падаецца пад лішкавым ціскам да 17 кПа у зону гарэння паліва. Для інтэнсіфікацыі працэсу выдзіманне падаграюць, узбагачаюць яго кіслародам, кокс часткова або поўнасцю замяняюць гаручым (у т. л. прыродным) газам. Прататып вагранкі — невял. доменная печ, дзе пераплаўлялі ліцейны чыгун і лом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,
выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.
У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Чорныя металы 11/228, гл. Жалеза, Сталь, Чыгун
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА СПЛА́ВЫ,
металічныя сістэмы, адным з кампанентаў якіх (як правіла, пераважным) з’яўляецца жалеза. Найб. часта выкарыстоўваюць сплавы жалеза з вугляродам (сталь, чыгун). Да Ж.с. адносяць сплавы са спец. ўласцівасцямі (высокім эл. супраціўленнем, малым цеплавым расшырэннем, магнітнымі і інш.), а таксама ферасплавы.