ВАГРА́НКА,

шахтавая печ для плаўлення чыгуну ў ліцейнай вытв-сці. Сучасная вагранка — стальны цыліндр з таўшч. сценак да 10 мм, абліцаваны ўнутры вогнетрывалай цэглай; забяспечваецца рэкуператарамі, пылаўлоўнікамі, газаачышчальнымі прыстасаваннямі, сістэмай аўтам. прылад і рэгулятараў. Метал. шыхту (ліцейны чыгун, чыгунны лом і інш.) і паліва (кокс, ліцейны антрацыт і інш.) загружаюць у вагранкі слаямі (калошамі). Паветра падаецца пад лішкавым ціскам да 17 кПа у зону гарэння паліва. Для інтэнсіфікацыі працэсу выдзіманне падаграюць, узбагачаюць яго кіслародам, кокс часткова або поўнасцю замяняюць гаручым (у т. л. прыродным) газам. Прататып вагранкі — невял. доменная печ, дзе пераплаўлялі ліцейны чыгун і лом.

Вагранка: 1 — кальцавы паветраправод; 2 — зона плаўлення; 3 — адвод газаў у трубу; 4 — загрузачная частка; 5 — кажух; 6 — футэроўка; 7 — паветрадуўка; 8 — накапляльнік; 9 — чыгун.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)