БРО́ЎНАЎСКІ РУХ, браўнаўскі рух,

хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.​Эйнштэйнам і М.​Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр. каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.

Броўнаўскі рух трох розных часцінак гумігуту ў вадзе (паводле Перэна). Кропкамі пазначана месцазнаходжанне часцінак праз кожныя 30 с.

т. 3, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́БЧАНКА (Тамара Яўгенаўна) (н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.​Бандарчык, Г.​Маркінай, В.​Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.

Тв.:

Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;

Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пратон (элементарная часцінка) 1/372, 549; 2/160, 502; 5/536; 7/541; 8/5, 561; 10/579; 11/446, 447, 448 (табл.), 527

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,

спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.​Пушкіна, Сымона-музыкі Я.​Коласа, Караля Стаха У.​Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.​Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.​Дунін-Марцінкевіч, В.​Каратынскі, Я.​Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.​Купалы і Я.​Коласа, большасць твораў М.​Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.

Літ.:

Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;

Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;

Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;

Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;

Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;

Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;

Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;

Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)