Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДЫжывёл,
пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.