Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),
род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ, саркадон чарапіцавы (Sarcodon imbricatus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКАСЕ́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання ў прыродным стане балотна-лугавога ландшафтнага комплексу ПдБел. Паазер’я з рэдкімі, знікаючымі і гаспадарча-каштоўнымі відамі раслін. Пл. 78 га. Спадзістыя схілы лагчын паміж балотамі і сухадоламі, дзе пераважаюць кусты і дробналессе; сухадольныя і нізінныя лугі, нізінныя балоты. Вял. разнастайнасць экатонаў. У флоры вужоўнік звычайны, званочак персікалісты, першацвет веснавы і інш. расліны, у т. л. занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асокі воласападобная і птушканожкавая, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы, пустапялёснік зялёны, тайнік яйцападобны, ядрушка даўгарогая, ятрышнікі мужчынскі і дрэмлік. З 1999 у складзе нац. парку Нарачанскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс.га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.