АСТРАКІ́ЗМ
(грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),
у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫЯ ГЛІ́НЫ,
легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн. т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн. т (распрацоўваюцца 3).
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)