ФАЯ́НС (франц. faïence ад назвы італьян. горада Фаэнца, дзе вырабляюць фаянс),

1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго. Атрымліваюць абпалам паўфабрыкатаў з тонкай сумесі белапаленай гліны, кааліну, кварцу, палявога шпату.

Пасля абпалу Ф. мае шчыльны драбнапорысты непрасвечвальны чарапок. Для змяншэння водапаглынання Ф. пакрываюць непразрыстай (глухой) або празрыстай палівай. Вызначаецца мех. трываласцю, воданепранікальнасцю, хім. і тэрмічнай устойлівасцю. Выкарыстоўваецца для вырабу сан.-тэхн. абсталявання, абліцовачных плітак, посуду, дэкар. вырабаў і інш. Вырабы з матэрыялу, блізкага да Ф., вядомыя з 4—5 ст. (Стараж. Егіпет, Кітай). У 16 ст. выраб Ф. пачаўся ў Францыі, з 18 ст. — у Расіі.

2) У мастацтве — вырабы з гэтага матэрыялу (посуд, дробная пластыка, вазы, арх. дэталі, дэкар. пано і інш.) маст. і быт. прызначэння. Фаянсавым вырабам уласцівы большая ў параўнанні з фарфорам абагульненасць форм, разнастайнасць спосабаў дэкарыравання, колеравай палітры і відаў палівы.

Пераважае размалёўка керамічнымі фарбамі: падпаліваная ручная (солямі металаў, ангобам, каляровымі эмалямі і палівай), а таксама мех. (аэраграфія, шаўкаграфія, штамп); надпаліваная ручная спец. фарбавальнікамі, а таксама надпаліваны друк, штамп, абводка золатам, шаўкаграфія і інш. Вырабы аздабляюць таксама ляпным рэльефам і скульпт. дэталямі ў спалучэнні з размалёўкай. Сусв. вядомасць набылі фаянсавыя вырабы краін Усходу, а таксама дэлфцкі Ф. (Нідэрланды), мануфактуры Дж.​Уэджвуда (Вялікабрытанія), гжэльская кераміка (Расія) і інш.

На Беларусі Ф. вядомы з 18 ст. Яго выраблялі на мануфактурах кн. Радзівілаў у Свержані (гл. Свержанская фаянсавая мануфактура) і Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), А.​Тызенгаўза ў Гродне, М.​Агінскага ў Целяханах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы), з 1818 на ф-цы ў Слуцку, з 1951 на Мінскім фарфора-фаянсавым з-дзе (з 1961 Мінскі фарфоравы завод). З 1960-х г. дэкар. кампазіцыі, вазы, блюды, наборы посуду дэкар. пано стварылі бел. мастакі В.​Гаўрылаў, Р.​Кійко, Т.​Пятроўская, З.​Раўко, Э.​Фокіна і інш.

Л.​Д.​Фінкельштэйн.

Да арт. Фаянс. Вазы ў стылі «чорны базальт». Мануфактура «Уэджвуд». Вялікабрытанія. 19 ст.

т. 16, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)