Матэматычнае чаканне 3/262; 4/331

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,

лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́ ў тэорыі імавернасцей, велічыня, якая прымае ў залежнасці ад выпадковага зыходу выпрабавання тыя ці іншыя значэнні з пэўнымі імавернасцямі. Напр., лік ачкоў, што выпадаюць на верхняй грані ігральнай косці, — выпадковая велічыня, якая прымае значэнні 1, 2, 3, 4, 5, 6 і з імавернасцю ​1/6 кожнае. Выпадковая велічыня поўнасцю характарызуецца адпаведным размеркаваннем імавернасцей. Асн. характарыстыкі выпадковай велічыні — матэматычнае чаканне і дысперсія. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Анатоль Пятровіч) (н. 5.2.1943, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. празаік. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1968). З 1987 дырэктар Дома літаратара, з 1989 намеснік старшыні СП Беларусі, з 1994 старшыня праўлення Бел. літ. фонду. Друкуецца з 1973. Уздымае маральна-этычныя праблемы жыцця сучасніка (кн. прозы «Пералом», «Чаканне шчасця», «ІДУ з надзеяй», усе 1981, «Горкі хлеб», 1985, п’еса «Людзі ліхалецця», 1997).

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮ́К (Тамара Іванаўна) (н. 6.7.1952, в. Хутаранка Гомельскага р-на),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Беларускі тэатр.-маст. ін-т (1977). Выкладае ў Беларускім ун-це культуры (з 1992). Працуе ў галіне керамікі. Сярод работ: медалі «Гусоўскі», «Драздовіч» (абодва 1975), дэкар. кампазіцыі «Белая» (1981) і «Дзяды» (1982), дэкар. маскі «Пінская шляхта» (1983), скульптуры «Чаканне», «Вандроўнік», «Дабрыня», «Лесавік», «Вадзянік», «Дамавік» (усе 1984—86), «Барбара Радзівіл» (1992), «Радзівіл Чорны» (1993) і інш., дэкар. пластыка «Вечнасць» (1987) і «Канстанцін і Алена» (1990), дэкар. вазы «Свянцянскае зелле», «Ахвярнік», «Вечар», «Краявід» (усе 1988—90).

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.У.Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБАМУ́ДРАЎ (Павел Канстанцінавіч) (30.8.1916, С.-Пецярбург — 27.2.1984),

бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (з 1972). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1949). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1957—83). Працаваў пераважна ў станковай графіцы ў тэхніках літаграфіі, шклаграфіі, акварэлі, лінагравюры.

Сярод твораў: серыя «Сталінград» (1949), лісты «Дні і ночы» (1957), «Лета» (1958, 1964), «Роздум», «Зноў у родных краях» (абодва 1967), «Цяжкая хвіліна» (1970), «У парку», «Чаканне», «Першы снег» (усе 1971), «Жаночы партрэт» (1973), серыя пейзажаў Мінска — «Сакавік» (1958), «Вецер» (1969), «Мінск. Зімовы дзень (эпізод Айчыннай вайны)» (1970), «Плошча Перамогі ў Мінску» (1971), «У 1941-м» (1975), «Раніца», «Матыў старога Мінска» (абодва 1980) і інш.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),

расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Агняцвет, К.Буйло, А.Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль, К.Цвірка і інш.

Тв.:

Избр. Л., 1984;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,

адно з найважнейшых размеркаванняў выпадковых велічынь. Тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі Н.р. даюць лімітныя тэарэмы тэорыі імавернасцей (гл. Лапласа тэарэма, Ляпунова тэарэма).

Мае шчыльнасць імавернасці p(x) = 1 σ2π e ( x a ) 2 / 2σ2 , дзе a — матэматычнае чаканне выпадковай велічыні, σ​2 — яе дысперсія. Графік Н.р. y = p(x; a, σ) сіметрычны адносна ардынаты, што праходзіць праз пункт x = a і мае ў гэтым пункце адзіны максімум. Плошча пад крывой Н.р. заўсёды роўная 1. Паняцце Н.р. дастасавальнае таксама для супольнага размеркавання імавернасцей некалькіх выпадковых велічынь (мнагамернае Н.р.).

Крывыя шчыльнасці імавернасці y = p(x,σ) нармальнага размеркавання для розных значэнняў параметра σ: 1 — σ = 2,5; II — σ = 1; III — σ = 0,4.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)