МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.У.Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)