ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),

адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).

Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛОНАМЕ́ТРЫЯ,

электрахімічны метад аналізу і фіз.-хім. даследаванняў, заснаваны на вымярэнні колькасці электрычнасці (эл. зараду), якая прайшла праз электралізёр пры электрахім. рэакцыі рэчыва.

Адрозніваюць прамую К. — непасрэдна вызначаюць электрахімічна актыўныя рэчывы, і кулонаметрычнае цітраванне — у даследуемы раствор дадаюць, электрахімічна актыўны рэагент, прадукт электрахім. пераўтварэння якога хімічна ўзаемадзейнічае з рэчывам, што вызначаюць. Выкарыстоўваюць для вызначэння таўшчыні метал. пакрыццяў і аксідных плёнак, для аналізу многіх неарган. (напр., металы) і арган. рэчываў (напр., араматычныя аміны, фенолы), даследаванняў кінетыкі і механізму хім. рэакцый і інш. Гл. таксама Фарадэя законы.

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),

сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.

К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)