КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),

счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.

Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)