Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НА (італьян. marina ад лац. marinus марскі),
жывапісны або графічны твор з выявай марскіх відаў, караблёў; жанр пейзажа. У еўрап. мастацтве ў 17 ст. М. перажыла росквіт у творчасці галандскіх жывапісцаў Я.Порселіса, Х.Сегерса, сям’і ван дэ Велдэ і інш. Сярод буйнейшых мастакоў 18—19 ст., якія звярталіся да жанру М., — Ж.Вернэ ў Францыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі, Кацусіка Хакусай у Японіі, І.Айвазоўскі ў Расіі і інш. Мастакі, якія працуюць у жанры М., называюцца марыністамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСКІ БАЛЕ́ТВялікабрытаніі
(The Royal Ballet),
балетная трупа. Створаны ў Лондане Н. дэ Валуа і Л.Бейліс пры т-ры «Сэдлерс-Уэлс». Напачатку наз. «Вік Уэлс бале», з 1942 — «Сэдлерс-Уэлс бале», з 1957 сучасная назва. Маст. кіраўнікі дэ Валуа (з 1931), Ф.Аштан (з 1963), К.Макмілан (з 1970). У рэпертуары аднаактовыя спектаклі на музыку класікаў і сучасных кампазітараў, класічныя балеты П.Чайкоўскага, А.Адана, Л.Дэліба і інш. у пастаноўках маст. кіраўнікоў, а таксама Р.Хелпмена, Р.Пці, Дж.Баланчына і інш. Сярод вядучых артыстаў 1930—40-х г. П.Мей, П.Аргайл, Дж. Брэй, М.Хонер, М.Фантэйн, Х.Цёрнер, У.Гор, М.Сомс, У.Чапел. У 1950—60-я г. К.б. адзін з вядучых у Еўропе. У 1955 створана 2-я трупа — «Сэдлерс-Уэлс опера бале» (балетмайстры Дж. Кранка, Макмілан, А.Радрыгес і інш.). Сярод пастановак балеты на муз. Б.Брытэна, Ф.Ліста, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, І.Стравінскага, Г.Малера, С.Пракоф’ева і інш. З канца 1970-х г. у К.б. асноўная (выступае ў т-ры «Ковент-Гардэн») і гастрольная (са штогоднім сезонам у т-ры «Сэдлерс-Уэлс») трупы. Існуе эксперым. група «Балет для ўсіх». З 1931 пры К.б. дзейнічае школа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬБУРН (Melbourne),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Вікторыя. Каля 3,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на беразе заліва Порт-Філіп пры ўпадзенні ў яго р. Яра. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта- і станкабудаванне, хімічнае), чорная металургія, хім., нафтаперапр., тэкст., папяровая, харчовая. 3 ун-ты.
Засн. ў 1835 каланістамі з в-ва Тасманія. У 1837 названы ў гонар тагачаснага брыт. прэм’ер-міністра лорда Мельбурна. У 1842 атрымаў гар. правы. Хутка пачаў развівацца пасля адкрыцця ў 1851 каля яго радовішчаў золата. З 1851 сталіца штата Вікторыя. У 1901—27 сталіца Аўстрал. Саюза. У 1956 у М. адбыліся XVI летнія Алімп. гульні.
На правым беразе р. Яра дзелавы цэнтр М., на левым — жылыя кварталы з садамі і паркамі. З 1837 М. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана (арх. Р.Худл). Пабудовы ў духу эклектыкі і гіст. стыляў: саборы Сент-Джэймс (1841, арх. Р.Расел) і Сент-Пол (1880 арх. У.Батэрфлай), жылыя дамы 2-й пал. 19 ст. з балюстрадамі, навесамі і інш. каванымі дэталямі. У сучасных стылях узведзены Каралеўскі шпіталь (1942, арх. Стывенсан, Цёрнер), алімп. комплекс (арх. Г.Зайдлер) з крытым басейнам (1956, арх. Дж. і Ф.Мэрфі і інш.), культ. цэнтр штата (1968) з маст. галерэяй і канцэртнай залай і інш.Б-ка штата Вікторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Музеі: Нац. музей Вікторыі (мастацтва абарыгенаў), сучаснага мастацтва. Т-ры, у т. л.Нац. мемарыяльны (1973) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Аўстралія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.