Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Генрыхавіч) (н. 1.3.1943, в.Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1969). З 1969 працаваў у буд. арг-цыі ў Мінску, у 1988—2000 у Бел.дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту. Друкуецца з 1975. Яго творы ўвайшлі ў калект.зб-кі «Лагодны промень раніцы» (1988) і «Браслаўшчына азёрная мая» (1998). Паэзія П. адметная лірычнасцю, патрыят. пафасам, паглыбленым роздумам над складанымі праблемамі сучаснасці і гісторыі роднай зямлі. На яго вершы напісана араторыя «Зорка Палын» (кампазітар Дз.Далгалёў), шматлікія песні (кампазітары М.Алешка, Далгалёў, Л.Захлеўны, М.Пецюкевіч, П.Яроменка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,
інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.
Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш.ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.
Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в.Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),
бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л.бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.