Цярэшкі (в.) 3/80 (к.), 81; 11/167

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Жаніцьба Цярэшкі» (гульня) 4/406; 9/339

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,

традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).

Літ.:

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎПЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Нёман. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 165 км². Пачынаецца каля в. Шніпава. цячэ па Ваўкавыскім узв. Даліна выразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае, на працягу 16,4 км каналізаванае. Берагі ўмерана стромкія. Каля в. Цярэшкі створана сажалка.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВЫ́Я ВЕЧАРЫ́»,

амбівалентнае выяўленне святых вечароў на Каляды, калі найб. поўна і шматгранна разгортваецца нар. смехавая культура і ўсё можна падаць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Смехавая культура з элементамі нар. т-ра ў розных формах вядома амаль усім народам свету. Ў славян яна ў найбольшай ступені выяўляецца ў час калядна-навагодніх і масленічных святкаванняў. У беларусаў на працягу 2-тыднёвых калядных святкаванняў і ў святы вечар прыпынялася ўсякая праца (інакш, паводле нар. павер’яў, магла «скрывець дамашняя жывёла»), усе павінны былі гуляць, наладжваліся ігрышчы з танц.-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. У розных рэгіёнах Беларусі «К.в.» маюць свае адметныя рысы. На Палессі і Падняпроўі — карнавалізаваныя шэсці і прадстаўленні пераапранутых. Паводле нар. вызначэння, «К.в.» — самы вясёлы час года: можна хадзіць буслам, канём, казлом, цыганом, гусаром — «кім хочаш, тым і хадзі». На Паазер’і — гэта «каляднае вяселле для ўсіх» — «Жаніцьба Цярэшкі», дзе ўсе пары, што перакруціліся ў «Лявонісе» («пажаніліся» ў танцы), павінны па чарзе яшчэ і даганяць сваіх «дзядоў» і «бабак», якія ўцякаюць. Для тэатралізаваных паказаў характэрна багатая вобразнасць: парадзіраваныя пахаванні з амбівалентнасцю смерці-ўваскрэсення ў танцы, гульні, рытуальным смеху («Тут каза ўпала, // Здохла і прапала. // Ты, стара казішча, // Устань, развесяліся»). Драматызм сапраўднага вяселля як абраду пераходу (пераўтварэння) у «Жаніцьбе Цярэшкі» падаецца ў смехавай гратэскавай форме («Дзед бабу тапіць вядзець, // А баба крычыць — не йдзець. // Дзед бабу — чабох на дно, // А мне, дзед, і тут ладно»). Пра «К.в.» ў сучасных вёсках Палесся і Паазер’я зняты аднайм. дакумент. кінафільм (1990).

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

Літ.:

Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1965;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн.. 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,

адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯВО́НІХА»,

бел. нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.​Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.​Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.​Крошнера і «Князь-возера» В.​Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз. танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.

І.​Дз.Назіна.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (10.4.1907, Мінск — 29.5.1985),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1928), працаваў у гэтым т-ры. Вострахарактарны, камед. артыст. Створаным вобразам уласцівы напоўненасць, інтэнсіўнасць сцэн. жыцця, дакладнасць псіхал. малюнка ролі. Выконваў пераважна эпізадычныя і другога плана ролі, якія даводзіў да высокай завершанасці: Куторга («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Есып («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), Сымон Рапецька, Чарноцкі («Бацькаўшчына», «Ірынка» К.​Чорнага), Суддзя («Несцерка» В.​Вольскага), Войт («Лявоніха» П.​Данілава), Гарошка, Цярэшка Калабок, Цыбулька («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), поп Іля («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля), Важаватаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Кастылёў («На дне» М.​Горкага), Штальмайстар («Клоп» У.​Маякоўскага), Чыр («Любоў Яравая» К.​Транёва), Антоніо («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра) і інш.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Жыццё тэатра. Мн., 1980.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.А.Матусевіч.
І.Матусевіч у ролі Цярэшкі Калабка.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГРЫ́ШЧА,

народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).

Літ.:

Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЗІНА (Іна Дзмітрыеўна) (н. 31.10.1937, Мінск),

бел. этнамузыколаг, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1998). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1995 праф.). Працы па гісторыі бел. прафес. музыкі. традыц. муз.-інстр. фальклоры, этнаарганалогіі і выканальніцтве, этнаарганафоніі, візуальнай антрапалогіі. Аўтар манаграфій «Беларускія народныя музычныя інструменты» (кн. 1—2, 1979—82), «Беларуская народная інструментальная музыка» (1989), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993, з Л.​Салавей, у серыі «Бел. нар. творчасць»), раздзела кн. «Беларуская этнамузыкалогія» (1997), артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, у т. л. замежных (англ. «Новы слоўнік музыкі і музыкантаў Грова», т. 2, 1984), сцэнарыяў дакумент. і навук.-папулярных відэафільмаў (1992—99). Падрыхтавала інстр. частку грампласцінкі «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (1982, Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Збіральнік бел. нар. муз. інструментаў і арганізатар іх выставак. Чл. міжнародных арг-цый: нар. мастацтва, к-та музеяў муз. інструментаў і калекцый, т-ва этнамузыколагаў (ЗША) і інш.

Тв.:

Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977;

Белорусские народные наигрыши. М., 1986;

Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977;

Белорусские народные наигрыши. М., 1986;

Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

Літ.:

Баяркін М. Помнік з’яве жывой і багатай // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10;

Якіменка Т. Каб зберагчы..: // Мастацтва. 1998. № 3.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)