МАТУСЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (10.4.1907, Мінск — 29.5.1985),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1928), працаваў у гэтым т-ры. Вострахарактарны, камед. артыст. Створаным вобразам уласцівы напоўненасць, інтэнсіўнасць сцэн. жыцця, дакладнасць псіхал. малюнка ролі. Выконваў пераважна эпізадычныя і другога плана ролі, якія даводзіў да высокай завершанасці: Куторга («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Есып («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), Сымон Рапецька, Чарноцкі («Бацькаўшчына», «Ірынка» К.​Чорнага), Суддзя («Несцерка» В.​Вольскага), Войт («Лявоніха» П.​Данілава), Гарошка, Цярэшка Калабок, Цыбулька («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), поп Іля («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля), Важаватаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Кастылёў («На дне» М.​Горкага), Штальмайстар («Клоп» У.​Маякоўскага), Чыр («Любоў Яравая» К.​Транёва), Антоніо («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра) і інш.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Жыццё тэатра. Мн., 1980.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.А.Матусевіч.
І.Матусевіч у ролі Цярэшкі Калабка.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)