МАРАНО́БУ (Хісікава) (каля 1618, Хода, Японія — каля 1694; паводле інш. крыніц 1625 — каля 1694 або 1638—1714),
японскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў кірунку укіё-э. Зазнаў уплывы школы Тоса, Іваса Матабэ. Працаваў у тэхніцы аднакаляровага дрэварыту, у жанрах «людзі», «прыгажуні». Сярод твораў: світкі — «Касцюмы і звычаі», «Прыгажуня», трыпціх «Вядомыя сцэны Эда»; парныя шырмы — «Вясёлыя кварталы і тэатры», «Касцюмы і звычаі», «Жанравыя сцэны» (1670); «Мацукадзё і Мурасімэ», «Група падарожнікаў» (сярэдзіна 1670-х г.), «Цырульня» (1670—80-я г.), «Закаханыя каля шырмы» (1673—81), «Закаханыя са слугамі» (каля 1680); серыі — «Асакскія гісторыі» (1668), «100 выяў жанчын гэтага тленнага свету» (1681), «Сцэны Ёсівара» (каля 1688), ілюстрацыі да «Веснавой кнігі» (сярэдзіна 17 ст.), кнігі «100 паэтаў» (выд. 1695).
т. 10, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТКІ,
вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.А.Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.
В.В.Віталёва.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)