Цынкаванне 11/130, 131

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНКАВА́ННЕ,

пакрыццё метал. вырабаў слоем цынку або яго сплаву. Робіцца апусканнем вырабу ў расплаўлены цынк, напыленнем расплаўленага цынку, электралітычным спосабам (гальванастэгіяй) або дыфузійным насычэннем цынкам з паравой або газавай фазы пры высокіх (да 850 °C) т-рах паверхневых слаёў вырабу (гл. Металізацыя). Прызначана ў асн. для аховы вырабаў ад карозіі.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІКА-ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,

адначасовае хім. і цеплавое ўздзеянне на вырабы гал. чынам з металаў і сплаваў. Прыводзіць да змены хім. саставу і структуры ў паверхневых слаях, зрэдку ва ўсім аб’ёме вырабу. Асн. від Х.-т.а. — азатаванне, аксідаванне, алітаванне, барыраванне, храміраванне, цынкаванне, цыянаванне, цэментацыя і інш. Найб. пашыраны цэментацыя і азатаванне.

Пры Х-т.а. выраб награваюць у хімічна актыўным асяроддзі некалькі гадзін пры т-ры, роўнай 0,5—0,8 т-ры плаўлення асн. кампаненту. У час вытрымкі паверхня вырабу абагачаецца хім. элементамі за кошт дыфузіі на глыбіню ад некалькіх мікраметраў да некалькіх міліметраў. Павышае даўгавечнасць дэталей машын і вырабаў (павялічвае іх цвёрдасць, зносаўстойлівасць, каразійную стойкасць і інш.).

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАСТЭ́ГІЯ (ад гальвана... + грэч. stegō укрываю),

спосаб нанясення на метал. вырабы метал. пакрыццяў электралітычным асаджэннем. Робіцца для аховы вырабаў ад карозіі, павышэння іх цвёрдасці і зносаўстойлівасці, у дэкар. і інш. мэтах.

Перад нанясеннем пакрыцця паверхню вырабу абястлушчваюць, пратраўліваюць, шліфуюць і паліруюць. Працэс гальванастэгіі адбываецца ў гальванічнай ванне, дае анодам служаць металы, што раствораны ў электраліце, а катодам — вырабы. Пры працяканні пастаяннага эл. току метал з электраліту асаджаецца на паверхні вырабу. Наносяцца медзь (мядненне), цынк (цынкаванне), кадмій (кадміраванне), высакародныя металы, сплавы і інш. Пакрыцці адрозніваюцца моцным счапленнем з металам асновы, малой порыстасцю і дробнакрышталічнай структурай. Якасць гальванічных пакрыццяў і скорасць працэсу гальванастэгіі абумоўлены шчыльнасцю эл. току, саставам і т-рай электраліту.

Схема нанясення дэкаратыўнага пакрыцця метадам гальванастэгіі: 1 — катод (выраб); 2 — электраліт; 3 — анод; 4 — крыніца пастаяннага току.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНК (лац. Zincum),

Zn, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 30, ат. м. 65,39. Прыродны Ц. складаецца з 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 64,66—68,70, найб. пашыраны ​64Zn (48,6%). У зямной кары 7 10​−3% па масе; найважн. мінералы: сфалерыт і вюрцыт. Адзін з біягенных элементаў, уваходзіць у састаў некат. ферментаў і гармонаў (сутачная патрэбнасць чалавека 15 мг). Сплаў Ц. з меддзю (гл. Латунь) вядомы з глыбокай старажытнасці.

Блакітнавата-белы метал, tпл 419,58 °C, tкіп 906,2 °C, шчыльн. 7133 кг/м³. У сухім паветры пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай цыпку аксіду, у вільготным, асабліва ў прысутнасці дыаксіду вугляроду, паступова разбураецца пры пакаёвай т-ры. Узаемадзейнічае з к-тамі і шчолачамі, аміякам і солямі амонію, вільготным хлорам і бромам (гл. Цынку злучэнні), пры награванні — з кіслародам, халькагенамі, фосфарам, мыш’яком і сурмой. Атрымліваюць пры перапрацоўцы сульфідных цынкавых і поліметал. руд. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў (гл. Цынкавыя сплавы), для антыкаразійнага пакрыцця (цынкаванне) жалеза і сталі, вырабу дробных дэталей самалётаў і аўтамабіляў, электродаў хім. крыніц току.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)