ЦЫВІ́ЛЬНЫ ІСК у крымінальным працэсе,
іск фізічнай ці юрыдычнай асобы, а таксама пракурора аб пакрыцці фізічнай, маёмаснай або маральнай шкоды, што прычынена непасрэдна злачынствам або грамадска небяспечным дзеяннем. Пры прад’яўленні Ц.і. ісцец вызваляецца ад дзярж. пошліны. Парадак даказвання такога іску ажыццяўляецца паводле адпаведнага працэсуальнага заканадаўства. Рашэнне па Ц.і. выносіцца судом у выглядзе пастановы аб прыгаворы або ўжыванні прымусовай меры бяспекі і лячэння.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
парадак разбору і вырашэння судом цывільных спраў, а таксама парадак выканання пастаноў судоў і некаторых інш. органаў, устаноўлены нормамі цывільнага працэсуальнага права. Уключае рэгламентаваную законам дзейнасць судоў па ажыццяўленні правасуддзя, дзейнасць суд. выканаўцы, усіх удзельнікаў судаводства і звязаных з ім юрыд. адносін, што ўзнікаюць у працэсе судаводства. Крыніцамі Ц.п. з’яўляюцца Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
гл. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
гл. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКІ ГРАМАДЗЯ́НСКІ КО́ДЭКС 1804, Кодэкс Напалеона,
дзеючы цывільны кодэкс Францыі. Складзены пры актыўным удзеле Напалеона I. Кодэкс скасаваў у цывільным праве феад. прывілеі, замацаваў свабоду «свяшчэннай і недатыкальнай» прыватнай уласнасці. Уключае нормы цывільнага працэсуальнага, сямейнага, часткова прац. права. У 19—20 ст. у яго ўнесены значныя змены (скасаваны нераўнапраўе жанчын, наёмных работнікаў і інш. ўстарэлыя нормы).
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯЧЭ́ВІЧ (Гечан-Гячэвіч) Вінцэнт
(Вікенцій Іванавіч; 5.4.1770—19.3.1840),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. З 1788 крайчы Вілейскага ваяводства, з 1791 член цывільна-вайск. парадкавай камісіі ваяводства (з 1792 старшыня яго аддзялення). З 1795 на царскай службе: засядацель земскіх судоў, падкаморы Вілейскага пав. і інш. Займаўся размежаваннем Мінскай і Віленскай губ. З 25.10.1816 мінскі віцэ-губернатар, з 31.12.1818 мінскі цывільны губернатар. Тайны саветнік (1831). 26.2.1831 прызначаны сенатарам.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІНЕ́ЦІ КАЙРО́ЛА (Sanguinetti Coirolo) Хуліо Марыя (н. 6.1.1936, Мантэвідэо),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Уругвая. Скончыў ун-т Рэспублікі (г. Мантэвідэо). Працаваў адвакатам і журналістам. З 1962 чл. уругвайскага парламента ад партыі «Каларада»; з 1981 лідэр, з 1983 ген. сакратар партыі «Каларада». У 1969—71 міністр прам-сці і гандлю, у 1972 — культуры і асветы Уругвая. У 1985—90 першы цывільны прэзідэнт Усх. Рэспублікі Уругвай пасля перыяду ваен. рэжыму.
т. 14, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЦЫВІ́ЛЬНАГА СТА́НУ,
запісы дзярж. органамі (аддзеламі ЗАЦС або выканкомамі мясц. Саветаў) фактаў, якія вызначаюць цывільны стан: нараджэнне, смерць, шлюб або скасаванне яго, усынаўленне, перамену прозвішча або імя. Запісы актаў цывільнага стану служаць таксама падставай для выяўлення колькасных і якасных змен у дэмаграфічных працэсах, адной з асноў сац.-эканам. планавання. У некаторых краінах, дзе царква не аддзелена ад дзяржавы, запісы актаў цывільнага стану вядуць царк. ўстановы. У Рэспубліцы Беларусь парадак запісаў актаў цывільнага стану рэгулюецца Кодэксам аб шлюбе і сям’і і інш. нарматыўнымі актамі.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь,
сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.
т. 5, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны кодэкс Рэспублікі Беларусь,
сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, што ўзнікаюць з удзелам юрыд. асоб і грамадзян. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Складаецца з 564 артыкулаў, 43 глаў і 8 раздзелаў. Законам ад 3.3.1994 у яго ўнесены пэўныя змены і дапаўненні, выключаны артыкулы, што супярэчылі новаму заканадаўству, і ўсе нормы права, якія прадугледжвалі прымяненне на тэр. Беларусі цывільнага заканадаўства СССР і інш. саюзных рэспублік. Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве сумесна з урадам і зацікаўленымі ведамствамі даручана падрыхтаваць праект новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
т. 5, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)