ПЕТРУСЕ́ВІЧ Казімір Казіміравіч (23.3.1906, Мінск — 26.3.1982),

бел. і польскі вучоны-біёлаг, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Акад. АН Польшчы (1952), д-р біял. н. (1937). Сын К.А.Петрусевіча. Скончыў Віленскі ун-т (1933), у якім працаваў асістэнтам (1928—37). Адзін з арганізатараў і сакратар студэнцкай арг-цыі «Фронт». У 1937 арыштаваны польскімі ўладамі і прыгавораны да 4 гадоў турэмнага зняволення. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) дырэктар сярэдняй школы ў Ганцавіцкім р-не Пінскай вол. У час акупацыі Беларусі ням.-фашыстамі за сувязь з партызанамі схоплены гітлераўцамі і прыгавораны да расстрэлу, аднак паранены цудам выратаваўся. З 1942 у партыз. спецатрадзе НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 у Польшчы: нам. міністра харч. забеспячэння, марскога гандл. флоту, заг. аддзела навукі і ВНУ ЦК ПАРП. У 1949—69 праф. Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1952—72 арганізатар і дырэктар Ін-та экалогіі АН Польшчы. Аўтар прац па экалогіі і папуляцыі.

У.​М.​Кісялёў.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРБАБА́ЕЎ Берды Мурадавіч (15.3.1894, аул Каўкі-Зерэн Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 23.7.1974),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменіі (1967). Засл. дз. маст. Туркменіі (1943). Акад. АН Туркменіі (1951). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1923 (сатыр. вершы, паэмы). Аўтар кн. нарысаў і апавяданняў «Рэчаіснасць» (1931), гіст.-рэв. рамана «Вырашальны крок» (кн. 1—3, 1940—55; Дзярж. прэмія СССР 1948), п’ес «Браты», «Махтумкулі» (абедзве 1943) і інш. На аснове рамана «Цудам народжаны» (1967) створана п’еса «Кайгысыз Атабаеў» (1969, Рэсп. дзярж. прэмія імя Махтумкулі 1971). Жыццю нафтавікоў прысвечаны раман «Небіт-Даг» (1957), жыццю вёскі — аповесць «Айсалтан з краіны белага золата» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951) і раман «Кропля вады — крупінка золата» (1972). Аўтар кніг для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на туркм. мову. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, Л.​Салавей, М.​Паслядовіч, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Батыр: [Апавяданні]. Мн., 1961;

у кн. Каракумскія зоркі. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—6. Ашхабад. 1969—73.

Б.М.Кербабаеў.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́МЧАНКА Васіль Фёдаравіч (12.1.1919, в. Канічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.11.1992),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваен.-юрыд. акадэмію ў Маскве (1951). У 1937 рэпрэсіраваны і асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Ніжне-Амурскім лагеры. Вызвалены ў 1941. У 1941—68 у Сав. Арміі. Рэабілітаваны ў 1969. У 1972—85 заг. рэдакцыі выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1934. Пісаў на бел. і рус. мовах. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва: зб-кі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Верны рыцар» (1965), «Сустрэча з цудам» (1969), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976) і інш. Аповесць «Пры апазнанні затрымаць» (1983) пра жыццёвы і творчы шлях Ф.​Багушэвіча. У кнізе аповесцей і апавяданняў «Цар — зэк Сямён Івашкін» (1992) падзеі перыяду рэпрэсій. Аўтар рамана «Вяртанне ў агонь» (1978), зб-каў гумарэсак і апавяданняў «Паляванне на львоў» (1970), «Лёгкая рука» (1979), сцэнарыяў фільмаў маст. «Ветразі майго дзяцінства» (1982) і тэлевізійнага «Незнаёмая песня» (1983). Пераклаў на бел. мову казку Р.​Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос», апавяданні лат. і літ. пісьменнікаў.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1979;

Бацькава шабля: Аповесць і апавяданні. Мн., 1982;

Чэкістам стала вядома: Аповесць, апавяданні. Мн., 1985;

Стрэл у акно: Аповесці і апавяданні. Мн., 1988.

Літ.:

Баруздин С. О Василии Хомченко // Баруздин С. Заметки о детской литературе. М., 1975;

Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978.

У.​А.​Жыжэнка.

В.Ф.Хомчанка.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1773—75 у Расіі, Пугачова паўстанне,

масавы антыўрадавы рух казакаў, прыгонных сялян, заводскіх рабочых, нярус. народаў (асабліва башкіраў на чале з Салаватам Юлаевым) пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова на р. Яік (цяпер Урал), Урале, у Зах. Сібіры, Прыкам’і, Паволжы, Зах. Казахстане і Слабадской Украіне. Выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва, уціскам казакаў і нярус. народаў з боку рас. ваен. і цывільнай бюракратыі, прадпрымальнікаў. Пачалася ў вер. 1773 як паўстанне яіцкіх казакаў на чале са збеглым данскім казакам Пугачовым, які абвясціў сябе імператарам Пятром III, быццам бы цудам выратаваным і намерыўся заняць прастол, каб усталяваць «справядлівае» казацкае царства. У вер.-кастр. 1773 Пугачоў захапіў шэраг крэпасцей і ўмацаванняў, дзе знішчаў афіцэраў, забіраў артылерыю, боепрыпасы, і на чале войска (каля 2500 чал., 20 гармат) 16.10.1773 асадзіў г. Арэнбург. Хоць аблога Арэнбурга была беспаспяховай, Пугачоў адбіў некалькі вылазак гарнізона, разбіў карныя атрады ген. В.​А.​Кара і палк. П.​М.​Чарнышова. Яго армія, куды прыбывалі сяляне, работнікі уральскіх заводаў (прывозілі з сабой і гарматы), башкірскія і інш. атрады, у снеж. 1773 налічвала 25 тыс. чал. і 86 гармат. З яе складу вылучаліся асобныя атрады, якія пашыралі паўстанне на суседнія тэрыторыі. Кіравала арміяй і была адм.-паліт. цэнтрам паўстання Ваен. калегія. У сваіх маніфестах і ўказах ад імя Пятра III Пугачоў абяцаў казакам, сялянам і прыгнечаным народам волю і зямлю, заклікаў іх разам змагацца супраць улады Кацярыны II і дваран. У крас. 1774 урадавыя войскі разбілі армію Пугачова, які адступіў на Урал і ў Зах. Сібір, дзе зноў авалодаў шэрагам крэпасцей. Пасля новых няўдалых баёў з урадавымі атрадамі ён накіраваўся да Паволжа з мэтай ісці на Маскву. 23.7.1774 яго армія штурмам узяла г. Казань (акрамя крамля), але 23—26 ліп. была разбіта атрадам падпалк. І.​І.​Міхельсона. Пугачоў перайшоў на правы бераг Волгі, дзе пачалося ўсеагульнае паўстанне сялян супраць памешчыкаў і адміністрацыі. Маніфестамі ад 28 ліп. і 11 жн. 1774 ён («імператар Пётр III») вызваляў сялян ад прыгону і заклікаў знішчаць памешчыкаў. На чале новага войска Пугачоў пайшоў на Пд, узяў Саранск, Пензу, Саратаў і інш. гарады, але 5.9.1774 канчаткова разбіты Міхельсонам на Пд ад г. Царыцын. Неўзабаве яго схапілі і выдалі ўладам яго прыбліжаныя; пасля следства і суда ён з найб. актыўнымі паплечнікамі 21.1.1775 пакараны смерцю ў Маскве. Былі забіты, пакараны смерцю, закатаваны, зазналі цяжкія цялесныя пакаранні, катаргу і ссылку тысячы інш. удзельнікаў сял. вайны, апошнія ачагі якой задушаны да лета 1775. Тэрмін «С.в. 1773—75» побач з тэрмінам «паўстанне Пугачова» замацаваўся ў сав. гістарыяграфіі з 1940—50-х г. У сучаснай рас. гіст. л-ры (з 1990-х г.) найчасцей ужываецца тэрмін «паўстанне Пугачова».

Літ.:

Крестьянская война в России в 1773—1775 гг.: Восстание Пугачева. Т. 1—3. Л., 1961—70;

Овчинников Р.В. Манифесты и указы Е.​И.​Пугачева: Источниковедч. исслед. М., 1980.

М.​Г.​Нікіцін.

Да арт. Сялянская вайна 1773—75. М.​І.​Авілаў. Рабочыя прывозяць Пугачову гарматы. 1924.

т. 15, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)