ПРАСНА́К,

у беларусаў даўняе хлебнае печыва ў выглядзе тоўстага бліна. Пяклі з жытняй мукі без закваскі, на содзе і сыроватцы. Цеста замешвалі крута, як на хлеб; выпякалі на патэльні. Спечаны П. пасыпалі соллю, кменам, змазвалі здорам; елі замест хлеба. Часам П. пяклі з хлебнага цеста, якое не падышло, з тоўчанай варанай бульбы і мукі, а таксама з рашчыненага на бліны, крута замешанага цеста. Пяклі П. і спецыяльна на квас. Месцамі П. наз. недакіслы хлеб.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПУ́ШКІ,

у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХАНЫ́,

бел. здобнае печыва на содзе. Крутое цеста раскачваюць, рэжуць ромбамі, пякуць на блясе, патэльні.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖА́, дзежка, хлебніца,

бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш. слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Дзяжа.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЫ́,

традыцыйная бел. страва, каша з бобу, гароху ці тоўчанай бульбы. К. называліся таксама галушкі з аўсянай або гарохавай мукі, замешанай на вадзе з соллю ў крутое цеста.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКІ,

выраб з грэцкай мукі ў беларусаў. З рэдкага цеста пяклі бліны-грачанікі, якія змазвалі тоўчаным канапляным семем. На блясе пяклі таксама бабкі-грачанікі, якія расчынялі на жытняй ці ячнай муцэ, замешвалі грэцкай мукой.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАС,

напітак з заквашанага жытняга цеста ці хлеба з соладам, з сухароў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Пашыраны ў краінах Усх. Еўропы. На Беларусі робяць таксама з садавіны, ягад, бярозавага і кляновага сокаў (гл. Бярозавік).

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫКІ,

бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ч,

хлебабулачны выраб у некат. слав. народаў. У беларусаў — святочнае печыва з пшанічнай мукі. На З Беларусі — здобны пірог прадаўгаватай формы (пяклі на вяселле спецыяльна для маладых), на У Беларусі — круглае печыва з цеста на пірагі ў форме абаранка.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)