фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр. энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІ — джоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫ́МЕТР (ад лац. calor цяпло + ...метр),
прылада для вымярэння колькасці цеплаты, што паглынаецца або аддаецца ў розных фіз., хім., біял. і інш. працэсах. Тэрмін прапанаваны А.Лавуазье і П.Лапласам (1780).
Адрозніваюць К. вадкасныя і масіўныя, адзінарныя і падвойныя (дыферэнцыяльныя), з пераменнай (колькасць цеплаты вымяраецца па змене т-ры К.) і пастаяннай т-рай (вымяраецца колькасць рэчыва, якое перайшло ў інш. агрэгатны стан, напр., расплавілася ці выпарылася). Канструкцыя К. вызначаецца характарам і працягласцю даследаванага працэсу, межамі т-р, у якіх праводзяцца вымярэнні, зададзенай дакладнасцю і інш. К. для вымярэння сумарнага цеплавога эфекту наз.К.-інтэгратарамі; вадкасны К.-інтэгратар выкарыстоўваюць для вымярэння цеплаты растварэння ці хім. рэакцый, масіўны К. — энтальпіі рэчываў. К. для вымярэння цеплавой магутнасці і яе змен на розных стадыях працэсу наз. К.-асцылографамі; прынцып іх работы заснаваны на Пельцье эфекце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́РЫЯ (ад лац. calor цяпло),
пазасістэмная адзінка колькасці цеплаты. Абазначаецца кал, 1 кал = 4,1868 Дж, тэрмахім. К. роўная 4,1840 Дж. Пасля ўвядзення Міжнар. сістэмы адзінак (СІ) заменена джоўлем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫ СТАН,
устойлівы цвёрды агрэгатны стан рэчыва, структура якога вызначаецца далёкім парадкам размяшчэння атамаў (гл.Далёкі і блізкі парадак). Пераход у менш упарадкаваныя станы (вадкі і газападобны) адбываецца скачком з паглынаннем цеплаты пры пэўных значэннях т-ры і ціску (гл.Плаўленне). Гл. таксама Крышталь, Полімарфізм, Цвёрдае цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР ((Mayer) Юліус Роберт) (25.11. 1814, г. Гайльбран, Германія — 20.3. 1878),
нямецкі ўрач і фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1838). У 1840—41 у якасці карабельнага ўрача ўдзельнічаў у плаванні на в. Ява. Праводзячы фізіял. даследаванні ў час гэтага падарожжа, устанавіў сувязь паміж колькасцю акісленых прадуктаў у арганізме чалавека і выкананай ім работай. Сфармуляваў закон захавання энергіі (прынцып эквівалентнасці мех. энергіі і цеплаты) і тэарэтычна вызначыў мех. эквівалент цеплаты (1842). Ідэі і прыярытэт М. ў адкрыцці закону захавання энергіі прызнаныя толькі ў 1860-х г. Першы выказаў думку аб тым, што выпрамяненне Сонца вядзе да памяншэння яго масы.
Тв.:
Рус.пер. — Закон сохранения и превращения энергии: Четыре исслед., 1841—1851. М.; Л., 1933.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 232—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.Даўнтам і К.Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЭК ((Black) Джозеф) (16.4.1728, г. Бардо, Францыя — 10.11.1799),
шатландскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў аналітычнай хіміі. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1783). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1754). Праф. ун-таў у Глазга (з 1756) і Эдынбургу (1766—97). Адкрыў дыаксід вугляроду (вуглякіслы газ, 1756), існаванне скрытай цеплаты плаўлення і параўтварэння (1757); увёў паняцце цеплаёмістасці.