Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАБІ́ШЫН (Дзмітрый Пятровіч) (1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),
рус.паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),
рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.С.Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус.нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.Аляб’ева) і інш.
французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.Гаўрук, У.Жылка, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;
Рус.пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.
Літ.:
Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ (сапр.Рорых) Мікалай Канстанцінавіч
(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),
расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз.чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.Куінджы, у студыі Ф.Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.
Тв.:
Врата в будущее. Рига, 1991;
Нерушимое. Рига, 1991;
Твердыня Пламенная. Рига, 1991;
Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;
Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;
Знамя Мира. М., 1995;
Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;
Цветы Мории. Мн., 1997;
Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;
Алтай — Гималаи. М., 1999;
Шамбала. Мн. и др., 2000.
Літ.:
Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;
Н.К.Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст.М., 1978;
Держава Рериха. М., 1994;
Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн. Кн 1. М., 1998;