Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр. Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.
Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз. падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ. М., 1988.
Ф.А.Ткачэнка.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
В.М.Мартыненка.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ Ігар Дзмітрыевіч
(н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НТЭ
(Brontë),
англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.
Шарлота (псеўд. Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд. Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус. пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд. Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).
Тв.:
Рус. пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;
Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;
Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;
Бронте А. Агнес Грей: Роман;
Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;
Стихотворения. М., 1990.
Літ.:
Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)