ЯНКО́ЎСКІ Плакід (20.9.1810, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 11.3.1872),
бел. і польскі пісьменнік. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Брэсцкай школе базыльян (1818—24), скончыў Віленскі ун-т (1830). Быў святаром. Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Пісаў на польскай і рус. мовах. Аўтар кніг прозы «Засценак» (1841), «Хвіля» (1842), «Апавяданні» (1843), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старосты Канёўскага» (1873), камедыі «Прадчуванне» (1842), нататкаў «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1898) і інш. У перыяд. друку надрукаваны яго працы «Пушкін на Елісейскіх палях», «Разалія Шэйнер» (абедзве 1844), «Мясцовыя забабоны і прымхі» (1863), «Сялянская праўда» (1865), «Карэспандэнцыі са Слоніма» (1867). Яго творчасць жанрава разнастайная, багатая эстэт. адценнямі гумару, ідэйна супярэчлівая. Перакладаў на польскую мову творы замежных аўтараў.
Тв.:
Записки сельского священника. Мн., 2004.
Літ.:
Charkiewicz W. Placyd Jankowski (John of Dycalp): Życie i twórczość. Wilno, 1928.
У.І.Мархель.
т. 18, кн. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма
(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),
бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.Пруса і Э.Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.
Літ.:
Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;
Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.
У.А.Васілевіч.
т. 18, кн. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)