Еўразіяцкая хвойна-лясная геабатанічная вобласць 12/38
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,
прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр. Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЖА́НКА (Aruncus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.
Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,
запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс.га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЫШ (Convallaria),
род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННІК (Lunaria),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́РКТЫКА (ад неа... + грэч. arktikos паўночны),
Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.
Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш. Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям.ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас.р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т. л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.