Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІГАЛО́Ў
(Conium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца балігалоў плямісты (Conium maculatum). Расце на сметніках каля жылля, дарог і па берагах рэк.
Двухгадовыя травяністыя расліны з непрыемным мышыным пахам. Сцябло голае, галінастае, тонкабаразнаватае, часта з пурпуровымі плямамі. Лісце звычайна тройчыперыстае, з похвамі. Кветкі дробныя, белыя, у складаных шчыткападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек. (болепатольны, заспакаяльны і проціракавы сродак), дубільныя, інсектыцыдныя і ядавітыя (маюць алкалоіды каніін, халін, канідрын і інш.) расліны.
т. 2, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАСПІРТЫ́,
арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу ОН; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́ШЧЫК
(Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (С. hederacea); блюшчык валасісты (С. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцябламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]+X-, другасныя [R2NH2]+X-, трацічныя [R3NH]+X- і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]+X-, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N+CH2COO-, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.
Літ.:
Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)