КОНТРАТЫПАВА́ННЕ (ад контра... + грэч. typos адбітак),

выраб копіі (кантратыпу) з негатыва фільма. Тыражыраванне кінафільмаў робяць з кантратыпу, што забяспечвае захаванасць арыгінала (негатыва) фільма.

З каляровага кінанегатыва кантратып атрымліваюць непасрэдным друкаваннем на абарачальную трохслойную кінаплёнку, з чорна-белага спачатку робяць прамежкавы пазітыў, з якога потым друкуюць кантратып. Кантратып фанаграмы робяць асобна (з кантратыпам відарысу сумяшчаецца ў кінакапіравальным апараце).

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,

мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).

У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У.1990-Я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл. Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).

Е.Л.Бондарава.

Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМУ́ЗЫКА,

спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.

У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.Анегер, Ж.Арык, Ж.Ібер, Д.Міё, А.Бліс, Р.Воан-Уільямс, Б.Брытэн, Дж.К.Меноці, А.Копленд, Дж.Антэйл, Г.Эйслер, П.Хіндэміт, В.Этк, В.Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.Багаслоўскі, В.Баснер, А.Пахмутава, А.Пятроў, М.Фрадкін, Ц.Хрэннікаў, А.Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын, А.Хачатуран, Дз.Кабалеўскі, К.Караеў, Г.Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.Дзянісава, Р.Шчадрына, М.Карэтнікава, А.Шнітке, С.Губайдулінай і інш.

Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.Салаўёў-Сядой, У.Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г.муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.Бяльзацкім), Дз.Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.Лукас («Несцерка», 1956), У.Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.

Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.Альхімовіч, А.Залётнеў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, У.Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.Бельцюкова, В.Капыцько, Л.Сімаковіч, А.Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.Будніка, А.Елісеенкава, Э.Зарыцкага, Я.Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.

Літ.:

Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;

Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;

Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;

Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

А.А.Карпілава.

т. 8, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,

кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.

Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛІЧ (Уладзімір Лявонцьевіч) (2.4.1904, г. Радвілішкіс, Літва — 17.12.1972),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў тэхнікум кінематаграфіі (Адэса, 1928). З 1947 на кінастудыі «Беларусьфільм». Зняў маст. фільмы «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Рагаты бастыён» (1965) і інш., сюжэты для кіначасопісаў і навук.-папулярных фільмаў, кінанарысы, дакумент. фільмы. Аператар-пастаноўшчык тэлевіз. маст. фільма «Побач з вамі» (1967).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБКО́ВА (Тамара Аляксандраўна) (н. 13.1.1936, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. музыказнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах тэорыі музыкі (1958) і фп. (1959). У 1959—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Займаецца распрацоўкай тэарэт. праблем прафес. і нар. бел. музыкі. Мае значныя дасягненні ў даследаванні нац. сімфанізму. Выступае як муз. крытык. Аўтар сцэнарыяў фільма «Жыцця вымярэнні» (1983), фільма-оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1984), шматлікіх радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;

Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

Балады: [укладанне муз. часткі, камент і ўступны арт.]. Кн. 1—2. Мн., 1977—78 (Бел. нар. творчасць);

Некаторыя тэндэнцыі фарміравання жанру сімфоніі ў сучаснай беларускай музыцы // Мастах і сучаснасць. Мн., 1980;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2, 4]. Мн., 1993, 1997 (у сааўт.).

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРЭДЖЫ́БІ (Чабуа) (Мзечабук) Іракліевіч (н. 18.11.1921, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім пед. ін-це. Аўтар зб-каў апавяданняў «Дарога» (1962), «Кошт перавалу» (1966), «Кропля мёду» (1968), аповесці «Міска дзядзькі Шата» (1965). У рамане «Дата Туташхія» (кн. 1—2, 1973—75; сцэнарый фільма «Берагі», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1981) адлюстраваны жыццё Грузіі канца 19 — пач. 20 ст. і актуальныя маральна-этычныя праблемы.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ-АНО́ХІН (Барыс Аляксандравіч) (н. 9.10.1926, Масква),

расійскі рэжысёр, тэатразнавец, крытык. Засл. арт. Расіі (1962). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1950). З 1950 у Т-ры Сав. Арміі, у 1963—69 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя К.Станіслаўскага, з 1979 у Малым т-ры, з 1989 гал. рэжысёр Новага драм. т-ра ў Маскве. Сярод пастановак: «Дабракі» (1958) і «Энцыклапедысты» (1965) Л.Зорына, «Каса Марэ» І.Друцэ (1961), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962), «Антыгона» Ж.Ануя (1966), «Мамурэ» Ж.Сармана (1978), «Халопы» П.Гнедзіча (1987), «Арляня» Э.Растана (1991), «Гераічная камедыя» Ф.Брукнера (1995). Яго спектаклям характэрны вастрыня сцэн. формы, графічная яснасць мізансцэны, тонкае адчуванне стылю. Аўтар кніг і артыкулаў па праблемах харэаграфіі, рэж. мастацтва, творчых партрэтаў акцёраў і рэжысёраў, майстроў балета. Напісаў сцэнарыі балета (1972) і фільма-балета (1975) «Ганна Карэніна», дакумент. фільма «Галіна Уланава» (1963).

Тв.:

Балетные спектакли последних лет. М., 1972;

Мастера Большого балета. М., 1976;

Г.Уланова. 2 изд. М., 1984;

Сергей Корень. М. 1988.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ ((Bardot) Брыжыт) (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)