ВА́ДКАСНАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,

фізічна-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесяў, дзе рухомая фаза — вадкасць; від храматаграфіі. Выкарыстоўваюць у хіміі, біялогіі, біяхіміі, медыцыне, парфумерыі, харч. прам-сці, крыміналістыцы.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАЗМЯШЭ́ННЕ, інцэст,

палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі (бацькам і дзецьмі, братамі і сёстрамі). Пры К. магчыма сустрэча аднолькавых паталаг. генаў (чым бліжэй кроўная роднасць бацькоў, тым больш слабае фізічна і непаўнацэннае псіхічна іх патомства). Верагоднасць генет. (прыроджаных) дэфектаў ці разумовай адсталасці ў звычайным шлюбе 3—4%, пры К. павялічваецца ў 5 разоў. У большасці краін свету кроўныя шлюбы і палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі забаронены.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖАЦ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 13.2.1927, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1994). Ганаровы акад. Міжнар. акадэміі інтэгратыўнай антрапалогіі (1996, Кіеў). У 1957—94 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні інфекц. працэсу і прафілактыцы ўскладненняў пасля аперацый на органах страўнікава-кішачнага тракту. Адкрыў з’яву інфіцыравання брушной поласці з кішэчніка праз фізічна герметычны шоў герметычнае шво*. Даў новыя ўяўленні пра механізмы ўзнікнення перытаніту і спаечнага працэсу пасля аперацый на страўніку і кішэчніку. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Инфицирование брюшины через физически герметичный кишечный шов. Мн., 1968;

Послеоперационный перитонит. Мн., 1974.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магнітны стан рэчыва ў знешнім магнітным полі. Н. J вызначаецца формулай: J = dpm / dV , дзе dpmмагнітны момант фізічна малога аб’ёму рэчыва dV. Н. наз. аднароднай у межах аб’ёму V, калі ва ўсіх яго пунктах вектар аднолькавы па модулі і напрамку, г. зн. J = pm / V , дзе pm — сумарны магн. момант рэчыва аб’ёмам V Н. цел залежыць ад напружанасці знешняга магн. поля, т-ры і магн. уласцівасцей цела, яго формы і арыентацыі ў полі (гл. Парамагнетызм, Ферамагнетызм). У ферамагнетыкаў залежнасць J ад напружанасці магн. поля выражаецца крывой намагнічвання (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Адзінка Н. ў СІампер на метр (А/м).

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́Т,

у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.​Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.​Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.​Берклі, Э.​Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЕЛІ́ТЫ,

манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗАРУ́КАСЦЬ, міяпія,

адзін з недахопаў рэфракцыі вока, пры якім чалавек дрэнна бачыць аддаленыя рэчы. Абумоўлена тым, што паралельныя прамяні, якія ідуць ад аддаленых рэчаў, сыходзяцца ў фокусе аптычнай сістэмы вока не на сятчатцы (як у нармальным воку), а перад ёю і даюць невыразнае адлюстраванне. Блізарукасць найчасцей узнікае ў школьным узросце, можа паступова павялічвацца да 18—20-гадовага ўзросту. Развіццю блізарукасці спрыяюць зрокавая работа на блізкай адлегласці, спадчынныя фактары. Адрозніваюць 3 ступені блізарукасці: слабую (да 3 дптр), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (6 дптр і вышэй). Блізарукія разглядаюць усё на блізкай адлегласці. Ад гэтага стамляюцца вочы, развіваецца мышачная і акамадацыйная астэнія, разыходная касавокасць, спазмы акамадацыі, пры цяжкай, злаякаснай блізарукасці ўзнікаюць змены ў сеткаватай і сасудзістай абалонках вока — расцяжэнні, дыстрафія, кровазліццё, разрывы і адслаенне сятчаткі. Лячэнне: карэкцыя блізарукасці акулярамі, ліквідацыя спазмаў акамадацыйнай мышцы. Пры блізарукасці высокай ступені хворым нельга фізічна і зрокава перанапружвацца. Пры блізарукасці, якая прагрэсіруе, робяць аперацыі — радыяльную керататамію, кератамілез, уздзейнічаюць эксімерным лазерным выпрамяненнем.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНО́ТА, адзіноцтва,

адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац. групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.

Літ.:

Швалб Ю.М., Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)