Г,

чацвёртая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Г («глаголь»), утворанай графічным відазмяненнем візант. («гама»). У старабел. графіцы абазначала фрыкатыўны заднеязычны гук «г», а ў складзе дыграфа «кг» перадавала выбухны «г» у запазычаных словах («кганак», «паракграф»). У сучаснай бел. мове абазначае і фрыкатыўны заднеязычны («гара», «глеба»), і выбухны («гонты», «гузікі») гук, а таксама глухі заднеязычны «х», які ўтвараецца ў выніку аглушэння «г» на канцы слоў і перад глухімі зычнымі («мурог», «лёгкі»).

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ш,

дваццаць сёмая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ш («ша»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «ш» («нашъ», «чаша»). У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны глухі фрыкатыўны пярэднеязычны зацвярдзелы гук «ш» («шапка», «шаша»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ў,

дваццаць другая літара бел. алфавіта. Утворана спалучэннем літары «у» з дыякрытычным знакам. У старабел. пісьменнасці не ўжывалася. Прапанавана ў 1870 П.​А.​Бяссонавым; па тэхн. прычынах доўгі час замянялася літарай «у», у тэкстах, надрукаваных лацінкай, абазначалася знакамі u, ú, ŭ (напр., у творах В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, выданнях бел. фальклору, сабранага М.​Федароўскім). Пачала выкарыстоўвацца ў пач. 20 ст. ў газ. «Наша доля» і «Наша ніва», выданнях суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У сучаснай бел. мове абазначае білабіяльны фрыкатыўны зычны гук w («заўтра» «заліў»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)