Ў,
дваццаць другая літара бел. алфавіта. Утворана спалучэннем літары «у» з дыякрытычным знакам. У старабел. пісьменнасці не ўжывалася. Прапанавана ў 1870 П.А.Бяссонавым; па тэхн. прычынах доўгі час замянялася літарай «у», у тэкстах, надрукаваных лацінкай, абазначалася знакамі u, ú, ŭ (напр., у творах В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, выданнях бел. фальклору, сабранага М.Федароўскім). Пачала выкарыстоўвацца ў пач. 20 ст. ў газ. «Наша доля» і «Наша ніва», выданнях суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У сучаснай бел. мове абазначае білабіяльны фрыкатыўны зычны гук w («заўтра» «заліў»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 16, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)