Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРЫ́НІ,
Гуарыні (Guarini) Джавані Батыста (10.12.1538, г. Ферара, Італія — 7.10.1612), італьянскі паэт, тэарэтык л-ры і мастацтва. Праф. рыторыкі ў Падуі. Праславіўся трагікамедыяй «Верны пастух» (1590). Аўтар лірычных вершаў, мадрыгалаў, трактата-падручніка «Кампендыум трагікамічнай паэзіі» (1601), у якім сцвярджаў, што мэта паэзіі — не павучаць, а даваць асалоду, што залішні рацыяналізм супярэчыць правілам ант. аўтарытэтаў. Вытанчанасць стылю, пачуццёвасць у спалучэнні з метафарычнасцю робяць яго творчасць прадвесцем мастацтва барока.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА,
Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?), італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІЁНІ
(Antonioni) Мікеланджэла (н. 29.9.1912, г. Ферара, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу эканомікі і камерцыі ў Балонні. Асн. тэма творчасці — даследаванне ўнутр. свету чалавека, які адчувае сваю ізаляванасць, пакінутасць, адзіноту і боязь жыцця. У пасляваен. эпоху паказаў раз’яднанасць людзей, іх трагічную «некамунікабельнасць». Героі яго стужак пакутліва перажываюць сваю ўнутраную самоту: «Хроніка аднаго кахання» (1950), «Пераможаныя» (1952), «Дама без камелій» (1953), «Сяброўкі» (1955). Своеасаблівы цыкл складаюць фільмы 1960-х г., у якіх паказаны разрыў кантакту герояў з рэальнасцю, унутраны крызіс: «Крык» (у сав. пракаце «Адчай»), «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня». Майстэрскае выкарыстанне натуральных шумаў, паўз, сімвалічных дэталяў робіць фільмы Антаніёні гукапластычным відовішчам. У інш. краінах зняў фільмы: «Фотапавелічэнне» (Англія, 1967), «Забрыскі Пойнт» (ЗША, 1970), «Прафесія: рэпарцёр» (Алжыр, 1975).
Літ.:
Антониони об Антониони: Статьи, эссе;
Интервью;
Тот кегельбан над Тибром.
Тв.:
Рус. пер. — М., 1986.
В.Ф.Нячай.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)