Фата-Маргана 10/547

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ТА-МАРГА́НА (ад італьян. fata Morgana фея Маргана, якая, паводле брэтонскіх паданняў, жыве на марскім дне і падманвае падарожнікаў прывіднымі зданямі),

аптычная з’ява ў атмасферы, якая складаецца з некалькіх форм міражоў. Аддаленыя прадметы бачны пры гэтым шмат разоў і з разнастайнымі скажэннямі.

т. 16, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМСІ́Н (араб., літар. — пяцьдзесят),

гарачы (часта да 40 °C) і сухі амаль штармавы вецер пераважна паўд. і паўд.-зах. румбаў на ПнУ Афрыкі і ў сумежных краінах Б. Усходу. Адзначаецца ў пярэдніх ч. цыклонаў, што перамяшчаюцца з пустынь Паўн. Афрыкі ў раёны Усх. Міжземнамор’я. Дзьме каля 50 сут у годзе, звычайна ў сак.-маі. Пераносіць шмат пяску і пылу, часта суправаджаецца аптычнымі з’явамі (міражы і фата-маргана).

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РУС (Barbarus) Іаганес (сапр. Варэс; 12.1.1890, хутар Кійза, воласць Хеймталі, Эстонія — 29.11.1946),

эстонскі паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). У 1940 прэм’ер-міністр, у 1940—46 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эстоніі. Першыя зб-кі «Фата-Маргана» (1918) і «Чалавек і Сфінкс» (1919) створаны пад уплывам сімвалізму і акмеізму. Паэзія 1930-х г. прасякнута нянавісцю да фашызму і мілітарызму (зб-кі «Свет адкрыты», 1930; «Эстонская рэспубліка», 1932; «Кульмінацыя», 1932—34; «Рыбы на сушы», 1937; «Праз парог», 1939). Аўтар патрыят. вершаў і публіцыстыкі перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Узброеныя вершы», 1943; «На франтавых дарогах», 1944).

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́Ж (франц. mirage),

аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз. Фата-Маргана.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАКЛЬ (Trakl) Георг (3.2.1887, г. Зальцбург, Аўстрыя — 3.11.1914),

аўстрыйскі паэт; найбуйнейшы прадстаўнік экспрэсіянізму. Як паэт фарміраваўся пад уплывам класічнай традыцыі і паэзіі 2-й пал. 19 ст. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1913), «Себасцьян у сне» (1915), аднаактовых п’ес «Скокі смерці» і «Фата Маргана» (паст. ў 1916, лічацца згубленымі), у якіх адчуванні крызіснасці і непазбежнасці скону. Т. спалучаў рэаліі сучаснасці з умоўнасцю, жывапіснасць з музычнасцю, раскрываў патаемны сэнс будзённа-звыклага. У яго паэтыцы пераважае верлібр са свабоднымі сінтакс. канструкцыямі, выкарыстанне гратэску, складанай метафорыкі, шматзначнай сімволікі, міфалагічных матываў і вобразаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

Рус. пер. — Избранное. М., 1994;

Стихотворения. Проза. Письма. СПб., 2000.

Літ.:

Фюман Ф. Над огненной пучиной: Опыт с поэзией Г.​Тракля // Магический кристалл. М., 1988;

Дудова Л.В. Современники о творчестве Г.​Тракля // Дудова Л.В., Михальская Н.П., Трыков В.П. Модернизм в зарубежной литературе. М., 1998;

Гугнин А.А. Георг Тракль // Гугнин А.А. Австрийская литература XX в. Новополоцк;

М., 2000.

Е.​А.​Лявонава.

Тракененская парода коней.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)