Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІА́РУ, іалу,
у егіпецкай міфалогіі замагільны свет, месца асалоды для душ памерлых фараонаў. Паводле пазнейшых уяўленняў, І. — райскія палі пад зямлёй, на якіх працуюць і атрымліваюць асалоду ўсе душы памерлых, апраўданыя судом Асірыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НА ЦАРО́Ў,
скалістая раўніна ў зах. пустыні насупраць г. Фівы на Ніле (Верхні Егіпет). У перыяд Новага царства тут размяшчаўся царскі некропаль (з 1580 да н.э.). Грабніцы фараонаў высякаліся ў вапняку, кожнай з іх на беразе Ніла адпавядаў храм, дзе здзяйсняліся абрады, неабходныя для замагільнага дабрабыту цароў. Адкрыццё ў 1922 неразрабаванай грабніцы Тутанхамона ўпершыню прадэманстравала раскошу абсталявання падобных грабніц.
Даліна цароў. Насценная размалёўка грабніцы фараона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕФО́Н (грэч. Manethon; 2-я пал. 4 ст. да н.э., г. Самануд, Егіпет — пач. 3 ст. да н.э.),
старажытнаегіпецкі гісторык, вярхоўны жрэц у Геліопалі. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Егіпта» (захаваліся толькі ўрыўкі ў творах Іосіфа Флавія і гісторыкаў царквы Афрыкана і Еўсевія). М. належыць прыняты і цяпер у навуцы падзел гісторыі Егіпта на 30 дынастый фараонаў і на перыяды Старажытнага, Сярэдняга і Новага царстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л.фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІ́С, Камбіз,
Камбуджыя (?—522 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [530—522 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Кіра II, у 537 быў яго намеснікам у Вавілоніі. У 525 заваяваў Егіпет, захапіў у палон фараона Псаметыха III і заснаваў новую (XXVII) дынастыю фараонаў. У 524 уварваўся ў краіну Куш, але пацярпеў паражэнне. У канцы 524 ці пач. 523 вярнуўся ў Егіпет. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне Гаўматы (сак. 522 да н.э.), адправіўся ў Персію, па дарозе памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.
Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж.фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.