ФА́ГІ,

тое, што бактэрыяфагі.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ФАГ,

...ФАГ(і), ...ФАГІЯ (ад грэч. phagein есці, пажыраць),

другія састаўныя часткі складаных слоў, якія адпавядаюць паняццям «пажыральнік», «паглынальнік» (напр., бактэрыяфагі, фітафагі) і паказваюць на сувязь з працэсамі паядання, пажырання (напр., манафагі).

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСДУ́КЦЫЯ (ад лац. transductio перамяшчэнне),

перадача генет. матэрыялу ад адной бактэрыі (донара) да другой (рэцыпіента) з дапамогай бактэрыяфага. Існуе ў многіх бактэрый: сальманел, шыгел, бацыл, актынаміцэтаў і інш. Умераныя фагі (бактэрыяфагі) у працэсе вегетатыўнага размнажэння здольныя выпадкова захопліваць і пераносіць у інш. клеткі любы ўчастак ДНК бактэрый, што яны разбураюць. У гэтым выпадку ўласная ДНК фага замяняецца на аналагічны па памерах фрагмент бактэрыяльнай храмасомы, які можа мець некалькі генаў. Пры чарговым заражэнні фагам бактэрыі ўчастак храмасомы донара пераносіцца ў клетку рэцыпіента. Выкарыстоўваецца ў генетыцы бактэрый пры складанні генет. карт, для аналізу іх генет. структуры і функцыі.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)], фагі,

вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.

Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.

Схема будовы бактэрыяфага: 1 — абалон-ка; 2 — нуклеінавая кіслата; 3 — стрыжань; 4 — канал; 5 — чахол; 6 — базальная пласцінка; 7 — зубцы; 8 — ніткі-адросткі.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)