СЛЫХ МУЗЫ́ЧНЫ,
здольнасць чалавека ўспрымаць, запамінаць, уяўляць асобныя якасці гукаў музычных, адчуваць функцыян. сувязі паміж імі; неабходная перадумова кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасці. Вылучаюць асн. віды С.м.: абсалютны (здольнасць распазнаваць, вызначаць, уяўляць абс. вышыню асобных муз. гукаў) і адносны, ці інтэрвальны (здольнасць выяўляць гукавышынныя суадносіны паміж гукамі). С.м. ўключае пачуцці ладавае і рытму, слых меладыйны, гарманічны і інш. Існуе спецыфічная яго форма — унутраны слых (муз.-слыхавыя ўяўленні) — здольнасць мысленна ўяўляць асобныя гукі, меладычна-тэмат. развіццё, гарманічную паслядоўнасць, тэмбрава-каларыстычныя фарбы, тэмп, дынаміку, агогіку, драматургію муз. твора і інш.; неад’емная якасць прафесіяналізму выканаўцы. С.м. развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе заняткаў музыкай, у прыватнасці сальфеджыо.
В.У.Мазанік.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТА́СТЫКА (грэч. phantastikē здольнасць уяўляць),
форма адлюстравання рэчаіснасці, пры якой на аснове рэальных уяўленняў ствараецца звышнатуральная, ірэальная, незвычайная карціна свету. Распаўсюджана ў фальклоры (напр., чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл), мастацтве, сац. утопіі. У маст. л-ры, выяўл. мастацтве фантаст. вобразнасць умоўная, парушаны рэальныя сувязі і формы. Аднак у гратэсках або ідэальных вобразах, сімвалах, неверагодных сюжэтах яна можа выяўляць светаўспрыманне аўтара, характэрнае эпосе («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Уладар кольцаў» Дж.Р.Толкіна). З 19 ст. развіваецца навук. Ф. Гл. таксама Фантастычная літаратура, Навукова-фантастычны фільм.
т. 16, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),
галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасці засн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.
Літ.:
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.
В.М.Навумчык.
т. 6, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)