АКАМЯНЕ́ЛАСЦІ, фасіліі,

рэшткі і сляды жыццядзейнасці арганізмаў мінулых геал. эпох, якія захаваліся ў асадкавых пародах. Падзяляюцца на рэшткі арганізмаў, адбіткі і злепкі, сляды і прадукты жыццядзейнасці (гл. Капраліты). Утвараюцца пасля пахавання арганізмаў у выніку фасілізацыі. Ад раслін у горных пародах захавалася разрозненае лісце, абрыўкі галін, абломкі ствалоў, шышкі, плады, насенне, споры, пылок, зрэдку — кветкі. Добра захаваліся жывёлы або іх рэшткі ў вечнай мерзлаце (маманты, рыбы і інш.), азакерыце. Захаванасць рэшткаў залежыць ад будовы арганізма і ўмоў яго пахавання. Даследаванне акамянеласцей дае магчымасць вызначаць адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў зямной кары, уявіць звенні ланцуга эвалюцыі жывых арганізмаў у геал. мінулым Зямлі. Утварэнне акамянеласцей вывучае тафаномія. Узоры акамянеласцей зберагаюцца ў палеанталагічных музеях.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),

спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.

Літ.:

Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;

Boston, 1974.

В.​М.​Пешкаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)