АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленнегуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.