Утапічны сацыялізм 3/493; 5/313; 6/489; 7/28, 52, 135—136, 291, 366, 582; 9/383, 431, 489; 10/515, 652
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Французскі утапічны сацыялізм 3/493; 6/489; 7/28, 52, 135—136; 9/489; 10/652
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
УТАПІ́ЧНЫ САЦЫЯЛІ́ЗМ,
у шырокім сэнсе — вучэнні пра карэнную перабудову грамадства на сацыялістычных асновах, якія не ўлічваюць аб’ектыўных законаў сац. развіцця; у вузкім сэнсе — сац. вучэнні 19 ст., якія папярэднічалі марксізму і сталі адной з яго тэарэт. крыніц. Вытокі У.с. — ва ўласцівым усім народам паданні пра «залаты век», калі нібыта панаваў ідэальны грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах справядлівасці і роўнасці сацыяльнай людзей. Адно з першых утапічных сац. вучэнняў — платонаўская канцэпцыя ідэальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах роўнасці, калектывізму і адзінства. Мадэль справядлівага грамадскага ладу прапанавала ранняе хрысціянства, якое прапаведавала агульначалавечую роўнасць і братэрства людзей. Важным этапам у развіцці сац.-утапічных ідэй сталі вучэнні пра ідэальны грамадскі лад Т.Мора і Т.Кампанелы. У найб. развітым і сістэматызаваным выглядзе У.с. выявіўся ў творах К.А.Сен-Сімона, Ф.М.Ш.Фур’е, Р.Оўэна, якія асэнсавалі супярэчнасці грамадскага жыцця 19 ст. і прапанавалі тэарэт. і практычныя праекты перабудовы грамадства. Асн. прычыну сац. няроўнасці сацыялісты-утапісты 19 ст. бачылі ў асабістай уласнасці; першачарговымі задачамі грамадскай перабудовы яны лічылі стварэнне грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, арганізацыю дэмакр. самакіравання, справядлівага размеркавання жыццёвых даброт. Значную ролю ў распрацоўцы ідэй У.с. адыгралі рус. рэвалюцыйныя дэмакраты А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі. З канца 19 ст. У.с. прыпыніў сваё развіццё, але ў пэўнай ступені паўплываў на далейшую эвалюцыю грамадскай думкі і паліт. практыкі. Гл. таксама Сацыялізм, Утопія.
Літ.:
Сен-Симон А. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—2. М.; Л., 1948;
Оуэн Р. Избр. соч.: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; Л., 1950;
Фурье Ш. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—4. М.; Л., 1951—54;
Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з ням. Мн., 1970;
Айрапетов А.Г., Юдин А.И. Западноевропейский и русский утопический социализм нового времени. М., 1991;
Марцева Л.М. Проблемы труда в утопическом, научном и реальном социализме. Красноярск, 1993;
Штекли А.Э. Утопии и социализм. М., 1993;
Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 16, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н III (Otto; 980 — 23.1.1002),
кароль з 983, імператар з 996 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сын Атона II. Імкнуўся ажыццявіць утапічны план узнаўлення «сусветнай імперыі» з цэнтрам у Рыме.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН (Owen) Роберт (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДСКІН, Годскін,
Ходжскін (Hodgskin) Томас (1787—1869), англійскі эканаміст. Прыхільнік прац. тэорыі вартасці, паводле якой праца разглядалася як адзіная крыніца вартасці і абвяргалася ўяўленне аб капітале як самадастатковай сіле. Прапанаваў утапічны праект свабоднай федэрацыі незалежных вытворцаў, здольнай, на яго думку, прыпыніць развіццё капіталізму. Верыў у сілу розуму і пераканання, таму настойваў на мірных формах барацьбы за правы працоўных. Працы Х. паўплывалі на фарміраванне светапогляду Р.Оўэна.
Тв.:
Рус. пер. — Соч. М., 1938.
т. 17, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З СПРАВЯДЛІ́ВЫХ»,
тайная паліт. арг-цыя ў эміграцыі перыяду ранняга ням. рабочага руху. Засн. ў 1836—37 у Парыжы. Ідэалогія — утапічны сацыялізм, пераважна ідэі В.Вейтлінга (гал. тэарэтык саюза). Супрацоўнічаў з франц. тайнымі т-вамі: у 1839 у Парыжы ўдзельнічаў у паўстанні бланкістаў (гл. Л.А.Бланкі). Пасля яго паражэння цэнтр саюза перамясціўся ў Швейцарыю, потым у Лондан, інтэрнацыяналізаваўся, пад уплывам К.Маркса і Ф.Энгельса члены арг-цыі адышлі ад рэв.-змоўніцкіх поглядаў і засвоілі марксісцкае вучэнне. У 1847 Маркс і Энгельс уступілі ў арг-цыю і рэарганізавалі яе ў Саюз камуністаў.
Літ.:
Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977;
Павленко Г.В. Вильгельм Вейтлинг. М., 1985.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁБЛІН (Döblin) Альфрэд (10.8.1878, г. Шчэцін, Польшча — 28.6.1957),
нямецкі пісьменнік. Як ваен. ўрач удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. У 1933—45 і з 1953 — у эміграцыі. Адзін з прадстаўнікоў ням. экспрэсіянізму, у рэчышчы якога напісаны раманы — філас. «Тры скачкі Ван-Луня» (1915), гіст. «Валенштэйн» (1920), утапічны «Горы, моры і гіганты» (1924). Аўтар раманаў «Гамлет, або Канец доўгай ночы» (1956), трылогіі «Амазонкі» (1937—48), тэтралогіі «Лістапад 1918» (1938—50), апавяданняў, п’ес, літ.-крытычных і публіцыстычных прац. Вяршыня творчасці — своеасаблівы «раман выхавання» — «Берлін, Александэрплац» (1929). У творах Дз. традыц. манера пісьма спалучаецца з эксперыментальнай, паглыбленасць у душэўны свет герояў з глыбокімі філас.-сімвалічнымі абагульненнямі; шырока выкарыстоўваюцца міфал. і літ. рэмінісцэнцыі і аналогіі.
Тв.:
Рус. пер. — Гамлет, или Долгая ночь подходит к концу. М., 1983.
Е.А.Лявонава.
т. 6, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНАЯ ЖИЗНЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку. Засн. 9(22).2.1909 у Вільні на рус. мове пад назвай «Белорусская жизнь», выхад прыпынены на 1-м нумары, адноўлены 1(14).1.1911 у Вільні. 10(23).8.1911 перайменавана ў «С.-З.Ж.». З 21.3(3.4). 1912 у Гродне, з сак. 1913 да 5(18).9.1915 у Мінску на рус. мове. Рэдактары-выдаўцы Л.М.Саланевіч, яго брат С.М.Саланевіч, сын І.Л.Саланевіч. Газета атрымлівала дзярж. субсідыю, была неафіц. урадавым органам на Беларусі і Літве. «С.-З.ж.» ідэалізавала старадаўнюю дапятроўскую Русь на чале з царом-самадзержцам і дарадчым Земскім саборам, прапагандавала утапічны ідэал «народнай манархіі», праслаўляла эпоху цара Аляксея Міхайлавіча. Адмаўляла этнічную, нац. і культ. самастойнасць бел. народа, прызнавала толькі рэгіянальныя асаблівасці краю. Вяла барацьбу з нац. адраджэннем, абвінавачвала газ. «Наша ніва», Я.Купалу, інш. пісьменнікаў у сепаратызме і дзярж. здрадзе. Нападала на крытычны рэалізм у л-ры, музыцы, выяўл. мастацтве, мадэрнізм, творчасць Л.Талстога, М.Горкага, К.Бальмонта і інш., крытыкавала сімвалізм і футурызм.
У.М.Конан.
т. 14, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́ЎСТВА,
рэлігійна-філасофскі утапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Узнікла пад уплывам рэліг.-філас. ідэй Л.М.Талстога. выкладзеных ім у творах «Споведзь». «У чым мая вера?» абодва 1884), «Крэйцарава саната» (1891) і інш. Талстоўцы прапаведавалі «ўсеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэліг.-маральнага самаўдасканалення, вялі асветную дзейнасць. Створанае ў 1884 талстоўцамі У.Р.Чартковым і П.І.Біруковым выд-ва «Пасрэднік» выдавала масавымі тыражамі кнігі для народа: творы Талстога, А.П.Чэхава, Г.І.Успенскага і інш., дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене. У Цвярской, Сімбірскай, Харкаўскай губ., у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў (т.зв. «культурныя скіты»), Т. мела паслядоўнікаў у Зах. Еўропе, Японіі, Індыі (М.К.Гандзі); спробы стварэння талстоўскіх абшчын рабіліся ў 1880—1900-я г. ў Англіі і Паўд. Афрыцы. Крытыка талстоўцамі правасл. царквы, афіц. рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў і збліжэнне з сектамі (малаканамі, духаборамі, штундызмам) выклікалі незадавальненне царквы і ўлады. У 1897 Т. было абвешчана шкоднай сектай, у 1901 Талстой адлучаны ад царквы, а яго паслядоўнікаў арыштоўвалі і высылалі. У хуткім часе талстоўцы спынілі сваю дзейнасць.
т. 15, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)