КРУМКА́Ч, груган (Corvus corax),

птушка сям. крумкачовых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жыве ў лясах, гарах, пустынях. На Беларусі трапляецца ўсюды: на палях, каля населеных месцаў, трымаецца невял. (да 10 асобін) чародамі, у час гнездавання — у хваёвых лясах парамі. Нар. назвы воран, крук.

Самая буйная птушка ў атр. вераб’інападобных: даўж. да 70 см, маса да 1,6 кг. Апярэнне чорнае, з сінім, зеленаватым ці фіялетавым метал. адлівам. Пёры валля падоўжаныя, ланцэтападобныя. Дзюба моцная, чорная. Усёедны, пераважае жывёльны корм. Гняздуецца на дрэвах, скалах. Нясе 4—6 яец.

Крумкач.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

Гамадрыл.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ (Artiodactyla),

атрад млекакормячых; 2 падатр.: няжвачныя (сям. свіных, пекарыевых, бегемотавых) і жвачныя. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На Беларусі — алень высакародны, дзік, еўрапейскія зубр і казуля, лось, а таксама с.-г. жывёлы — свінні, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла. Дзікія П. — аб’екты палявання і промыслу. У Чырв. кнізе Беларусі — 1 від (зубр). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.

У большасці П. добра развіта валасяное покрыва, ногі прыстасаваны для хуткага бегу, маюць 2—4 пальцы з рагавымі чахламі — капытамі (найб. развіты 3-і і 4-ы пальцы), ключыца адсутнічае. Расліннаедныя, дзік — усёедны. Характэрны палавы дымарфізм. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (да 8) дзіцяняці.

П.​Р.​Козла.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУ́К (Meles meles),

млекакормячая жывёла сямейства куніцавых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў лясах, стэпах, паўпустынях, на сухіх глебах, з глыбокім заляганнем грунтавых водаў, непадалёку ад вады. На Беларусі ў мінулым шматлікі, за выключэннем асобных раёнаў Палесся. Зараз у многіх раёнах рэдкі або зусім знік (занесены ў Чырв. кнігу).

Даўж. цела 60—90 см, хваста 16—25 см, маса ўлетку 10—12 кг, восенню 20—30 кг. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Афарбоўка буравата-шэрая. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы чорныя палосы. Спосаб жыцця начны Усёедны. Нараджае да 6 дзіцянят. Жыве ў норах. У паўн. частцы арэала зімой спіць, у паўд. — актыўны ўвесь год. Прамысловы. Футра малакаштоўнае, тлушч выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.

Барсук.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.

Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.

Галавень.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІК, вепр,

вяпрук (Sus scrofa),

млекакормячае сям. свіных атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы; акліматызаваны ў Амерыцы. Жыве ў разнастайных мясцінах, на Беларусі — па ўсёй тэрыторыі (26—36 тыс. у 1990—95). Трымаецца невял. статкамі, старыя самцы (секачы) і самкі з парасятамі — паасобку. Адзін з родапачынальнікаў свойскіх свіней.

Даўж. да 2 м, маса да 300 кг. Афарбоўка ад светла-бурай або шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела ўкрыта пругкім, доўгім шчаціннем з падшэрсткам. Галава вялікая. клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія, вочы маленькія, рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вял., у самцоў (6—10 см) загнутыя ўверх і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім 4—6 парасят, зрэдку да 12. Аб’ект промыслу.

Л.​В.​Кірыленка.

Дзік: 1 — самец; 2 — галава самкі; 3 — парася.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)