ЯРАШЭ́НКА Мікалай Аляксандравіч (13.12.1846, г. Палтава, Украіна — 7.7.1898),
рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1874; вольнаслухач). З 1876 чл. і адзін з кіраўнікоў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лепшым яго творам уласцівы дэмакратызм, імкненне перадаць сац. і этычныя ідэалы сваёй эпохі: «Качагар», «Зняволены» (абодва 1878), «Старое і маладое» (1881), «Курсістка» (1883). Духоўнае аблічча дзеячаў рус. культуры выявіў у партрэтах П.Стрэпетавай, Г.Успенскага (абодва 1884), М.Ге (1890) і інш. Пісаў жанравыя карціны («Усюды жыццё», 1888), пейзажы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
глебаўтваральны працэс, які адбываецца ў анаэробных умовах з удзелам мікраарганізмаў, пры наяўнасці арган. рэчыва і пастаянным або працяглым абвадненні асобных гарызонтаў або ўсяго профілю глебы. Назіраецца амаль усюды ў глебах рознага генезісу і мех. складу, найчасцей у гумідных глебах. Вонкавая прыкмета агляення глебы — спецыфічная афарбоўка аглееных гарызонтаў: ад белавата-шызага ці шэра-блакітнаватага ў лёгкіх глебах да шызавата-сіняга або зеленаватага ў поймавых і чарназёмападобных. Гл. таксама Глей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УБІКВІ́СТЫ (ад лац. ubique скрозь, усюды),
віды раслін і жывёл з шырокай экалагічнай валентнасцю, здольных нармальна развівацца ў розных умовах навакольнага асяроддзя. Напр., трыснёг звычайны (расце ў вадзе і на сушы, на гліністым і пясчаным грунце), папараць арляк (звычайная расліна ўмераных шырот Паўн. паўшар’я, тропікаў і субтропікаў Паўд. паўшар’я), воўк (сустракаецца ў тундры, хвойных і лісцевых лясах, стэпах, гарах і інш.). Асабліва шматлікія і добра выражаныя У. ў водным асяроддзі. Гл. таксама Касмапаліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),
кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх. Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.
Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),
кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.
Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ШКІ, земляныя блохі,
блашакі (Alticinae, Halticinae),
падсямейства жукоў сям. лістаедаў. У сусв. фауне больш за 7 тыс. відаў, пашыраных усюды. На Беларусі больш за 80 відаў.
Даўж. цела 1,5—5 мм. Заднія ногі скакальныя. Яйцы адкладваюць у глебу, радзей на расліны. Лічынкі развіваюцца ў глебе пераважна на каранях, радзей на сцёблах або лісці кармавых раслін. Акукліваюцца ў глебе. Дарослыя блошкі раслінаедныя, кормяцца зялёнымі ч. раслін, зрэдку генератыўнымі органамі. Шкоднікі. Меры барацьбы: знішчэнне пустазелля, правільная агратэхніка, апрацоўка інсектыцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ (Hymenogastrales),
парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.
Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.