Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-РЭАБІЛІТАЦЫ́ЙНАЯ Э́КСПЕРТНАЯ КАМІ́СІЯ,
МРЭК, медыцынская камісія, якая праводзіць экспертызу абмежавання жыццядзейнасці грамадзян, складае індывід. праграмы рэабілітацыі і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем. Утворана ў 1992 замест урачэбна-прац. экспертных камісій. Працуе паводле тэр. прынцыпу. Існуюць абласныя, гар., міжраённыя, раённыя, спецыялізаваныя камісіі. У склад МРЭК уваходзяць урачы-рэабілітолагі-эксперты (тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг), у склад спецыялізаванай — урачы паводле профілю камісіі, таксама тэрапеўт ці неўрапатолаг, метадыст-рэабілітолаг і інш. МРЭК высвятляе ступень абмежаванасці жыццядзейнасці хворых, ступень страты працаздольнасці, прычыну і час надыходу інваліднасці і інш. На Беларусі функцыянуюць 83 МРЭК (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА,
афіцыйнае і ўрачыстае абяцанне (клятва), якую даюць асобныя катэгорыі грамадзян у адпаведнасці з іх статутным становішчам у дзяржаве і грамадстве. П. прыносяць кіраўнікі дзяржаў (напр., Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з арт. 83, 84 Канстытуцыі дае клятву народу краіны), некаторыя катэгорыі дзярж. служачых (напр., прысяжныя засядацелі, прысяжныя павераныя), ваеннаслужачыя (гл.Прысяга ваенная), супрацоўнікі МУС, КДБ і інш.Урачы даюць клятву Гіпакрата. Гл. таксама Прысяга беларускага партызана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ПЦІХ (ад грэч. diptychos падвойны, складзены ў дзве столкі),
два творы выяўл. мастацтва, аб’яднаныя адзінай задумай. У Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Д. называлі 2 пакрытыя воскам дошчачкі для пісьма, у мастацтве сярэдневякоўя — двухстворкавы складзень з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Сярод Д., створаных бел. мастакамі: творы «Бетон» Г.Вашчанкі (1970), «Маці» і «Урачы» А.Малішэўскага (абодва 1975), «І кветкі, і хлеб — паэтам» А.Марачкіна (1982), «Плач Яраслаўны» Г.Паплаўскага (1984) і інш.
Да арт.Дыпціх. Плач Яраслаўны. Маст. Г.Паплаўскі. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСІЯНА́Т,
установа (гасцініца або дом адпачынку) у курортнай мясцовасці для індывід. ці сямейнага адпачынку. Знаходзіцца ў распараджэнні ведамстваў, арг-цый, прадпрыемстваў, курортных аб’яднанняў. Мае спальныя памяшканні, кухню са сталовай, памяшканні культ.-масавага абслугоўвання, спарт. пляцоўкі. Адрозніваюць П. адпачынку і П. з лячэннем. П. адпачынку мае таксама мед. пункт (звычайна з фізіятэрапеўт. і зубаўрачэбным кабінетамі). У іх могуць адпачываць сем’і з дзецьмі пасля 4 гадоў (ёсць урачы-педыятры, выхавальнікі, дзіцячыя спарт. пляцоўкі і пакоі гульняў). П. з лячэннем звычайна размешчаны паблізу курортных мед. устаноў (санаторыяў, паліклінік, бальнеагразелячэбніц); мед. абслугоўванне амбулаторнае. На Беларусі 17 дамоў адпачынку і П. (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСАЛО́ГІЯ (секс + ...логія),
навука, якая вывучае палавыя функцыі чалавека ў фізіял., псіхал. і сац. аспектах. Засн. на інтэграцыі медыцыны з рознымі аспектамі немед. навук (псіхалогія, сацыялогія, педагогіка, філасофія і інш.). У С. значная ўвага аддаецца праяве сексуальнай патрэбы ў адпаведнасці з уплывам сац. асяроддзя, пытанням нормы і адхіленняў у палавых паводзінах (цесна змыкаецца з сексапаталогіяй).
Вылучылася і стала самаст. у 20 ст. Першымі пачалі сістэм. вывучэнне палавога жыцця (пераважна паталаг. форм) урачы. Сярод заснавальнікаў С. праф. псіхіятрыі Венскага ун-та Р.Крафт-Эбінг, швейц. неўрапатолаг А.Фарэль, З.Фрэйд, ням. дэрматолаг і венеролаг І.Блох і інш. Апошнія даследаванні ў эмбрыялогіі, эндакрыналогіі, нейрафізіялогіі, эвалюц. біялогіі, гінекалогіі і інш. навуках дазволілі значна ўзбагаціць і пашырыць веды ў галіне дыферэнцыяцыі і ўзаемаадносін полаў.
Літ.:
Имелинский К Сексология и сексопатология: Пер. с пол. М., 1986;
Фрейд З. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.