ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.​М.​Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),

клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.

Прамянёвікі 1 — эўхітонія вірхові; 2 — аўлацэрас арбарэсцэнс; 3 — тымпаніскус трападыскус (шкілет); 4 — акантаметра тэтракопа; 5 — перыпаніцыум амфакарона (шкілет); 6 — дыплацэркус фускус.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНЫЯ ТЭХНАЛО́ГІІ,

сукупнасць тэхнал. сродкаў і працэсаў, якія прадугледжваюць максімальна поўнае выкарыстанне ў працэсе вытв-сці сыравінных і паліўна-энергет. рэсурсаў і выключаюць адходы; экалагічная стратэгія ўсёй прам-сці і с.-г. вытв-сці. Безадходныя тэхналогіі накіраваны на стварэнне экалагізаваных цыклаў безадходнай вытворчасці, падобных да прыродных працэсаў у біясферы. Асн. кірункі развіцця безадходных тэхналогій: комплекснае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, стварэнне замкнёных цыклаў вытв-сці без скідвання сцёкавых водаў і выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, улоўліванне і утылізацыя адходаў. Безадходныя тэхналогіі могуць быць эканамічна нявыгаднымі для адной вытв-сці або галіны прам-сці, але па сукупнасці вынікаў іх выкарыстанне можа даваць вял. станоўчы эфект.

Літ.:

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек. 2 изд. М., 1986;

Сохранение окружающей среды на основе безотходного производства. Л., 1977;

Одум Ю. Экология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1986.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)