(Vannucci)] П’етра (каля 1448, Чыта-дэла-П’еве, Італія — люты—сак. 1523),
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння; прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы П’ера дэла Франчэска, А.Верок’ё (з 1470 працаваў у яго майстэрні ў Фларэнцыі), нідэрл. мастакоў. Творчасці ўласцівы плаўнасць кампазіцыйных рытмаў, гарманічная ураўнаважанасць прасторавых пабудоў, лірызм пейзажных фонаў. Аўтар фрэсак «Св. Себасцьян з двума святымі» ў царкве Санта-Марыя ў Чэрквета (1478), «Перадача ключоў св. Пятру» ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—92), «Укрыжаванне» ў царкве Санта-Марыя Мадалена дэі Пацы ў Фларэнцыі (1496), трыпціха «Укрыжаванне з прадстаячымі» (каля 1485), «Паліпціх Альбані» (1491), карцін «Апалон і Марсій» (каля 1495), «З’яўленне Мадонны св. Бернару» (каля 1490—94), тонда «Мадонна з анёламі і святымі», партрэтаў Франчэска дэле Аперэ (1494), дон Б’яджа Міланезі, дон Бальдасарэ ды Антоніо ды Анджэла, маладога чалавека (каля 1495—1500) і інш. У майстэрні П. вучыўся Рафаэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́МАРТ ((Bloemaert) Абрахам) (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
А.Блумарт. Адпачынак на шляху ў Егіпет. Фрагмент. 1631.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТА ((Lotto) Ларэнца) (каля 1480, г. Венецыя, Італія — 1556),
італьянскі жывапісец. У творчасці спалучаў традыцыі венецыянскай і ламбардскай школ жывапісу, уплывы мастацтва Рафаэля, Карэджа і паўн.-еўрап. майстроў. Творы Л. вызначаюцца эмацыянальнай напружанасцю, жыццёвай пераканаўчасцю вобразаў і пейзажных фонаў, вытанчанай гучнасцю каларыту. Сярод твораў: «Мадонна са св. Пятром пакутнікам» (1503), «Зняцце з крыжа» (1512), «Дабравешчанне» (каля 1527), «Укрыжаванне» (1531), «Мадонна з ружанцам» (1539), фрэскі ў капэле Суардзі ў Трэскоря (1524) і інш. Аўтар партрэтаў епіскапа Б. дэ Росі (1505), дамініканца (1526), Феба да Брэшыя (1550-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НГЕР ((Klinger) Макс) (18.2.1857, г. Лейпцыг, Германія — 4.7.1920),
нямецкі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Карлсруэ і Берліне ў К.Гусава (1874—76). Працаваў пераважна ў Лейпцыгу, у 1888—93 у Рыме. У творчасці спалучаў рысы сімвалізму, мадэрну і сац. крытыкі: жывапісныя работы «Укрыжаванне» (1890), «Хрыстос на Алімпе» (1897), серыі афортаў «Ева і будучыня», «Амур і Псіхея» (абедзве 1880), «Пальчатка» (1881), «Жыццё» (1881—84), «Драмы» (1883), «Каханне» (1887), «Пра смерць» (1889, 1898—1910), цыкл афортаў і літаграфій «Фантазія Брамса» (1890—94), «Пачатак вясны» і інш. Імкнуўся да адраджэння паліхромнай скульптуры: «Касандра» (1895), «Бетховен» (1886—1902) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.
Літ.:
Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),
бел. жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.Алай).
Літ.:
Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр.Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.Гл. таксама Караваджызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),
горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л.трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-тэканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар.муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.
Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.
Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.Б.Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар.маст. збораў; дом А.Дзюрэра.