вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Лельчыцы—Новае Палессе. Цэнтр сельсавета і калект.с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 25 км на Пн ад г.п. Лельчыцы, 232 км ад Гомеля, 92 км ад чыг. ст. Ельск. 889 ж., 255 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
УДА́РНАЯ ХВА́ЛЯ,
вузкая пераходная зона рэзкага павелічэння ціску, т-ры, шчыльнасці і скорасці, што рухаецца адносна няўзбуранага асяроддзя са звышгукавой скорасцю. Узнікае пры выбухах, звышгукавых рухах цел, магутных эл. разрадах, у фокусе лазернага праменя і інш.; у лабараторных умовах атрымліваюць у спец. ударных трубах. У.х. — гэта ўся маса рэчыва, сціснутая і прыведзеная ў рух; паверхня, што аддзяляе У.х. ад няўзбуранага асяроддзя, наз.фронтам У.х. Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання У.х. вывучаюць гідрадынаміка і газавая дынаміка.
Параметры рэчыва па абодва бакі У.х. звязаны законамі захавання патокаў масы, імпульсу і энергіі. Гэтыя законы разам з ураўненнем стану рэчыва вызначаюць значэнні ўсіх параметраў як функцый аднаго з іх, напр., ціску ці скорасці. Шырыня У.х. вызначаецца часам рэлаксацыі працэсаў паглынання і рассеяння энергіі і імпульсу. У.х. карыстаюцца ў фізіцы, хіміі, тэхніцы для вывучэння стану і ператварэння рэчываў пры высокіх т-рах і цісках, ажыццяўлення фазавых пераходаў (напр., пры атрыманні тэхн. алмазаў з графіту), змены ходу хім. рэакцый і інш.
Літ.:
Великович А.Л., Либерман М.А. Физика ударных волн в газах и плазме. М., 1987;
Кузнецов Н.М. Устойчивость ударных волн // Успехи физ. наук. 1989. Т 159, №3;
Аврорин Е.Н. и др. Мощные ударные волны и экстремальные состояния вещества // Там жа. 1993. Т. 163, №5.
Г.С.Раманаў.
Ударная хваля паветранага ядзернага выбуху: 1 — зона разрэджання; 2 — зона сціскання; 3 — фронт ударнай хвалі; 4 — рух часцінак паветра; 5 — графік змены ціску паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДА́РНАЯ ГРУПО́ЎКА (ваен.),
разгорнутыя адпаведным чынам сілы і сродкі аб’яднанняў, злучэнняў і часцей розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл), спец. войск і інш., прызначаныя для разгрому праціўніка на напрамку гал. ўдару ў наступальнай аперацыі. Стварэннем У.г. дасягаецца выкананне аднаго з патрабаванняў ваеннага майстэрства аб масіраванні сіл і сродкаў на вырашальных напрамках.
Неабходнасць ва У.г. узнікла са з’яўленнем пазіцый абароны, для прарыву якіх патрабавалася шмат сіл і сродкаў. Адзін з прыкладаў дзейнасці такіх груповак — Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (Брусілаўскі прарыў). У 1930-я г., паводле тэорыі глыбокай аперацыі, прадугледжвалася выкарыстоўваць у якасці У.г. спецыяльна сфарміраваныя ўдарныя арміі. У Вял.Айч. вайну ў складзе 2-га Бел. фронту дзейнічала 2-я, 1-га Бел. фронту — 3-я ўдарныя арміі; у час Беларускай аперацыі 1944 — 4-я ўдарная армія (у інш. арміях звычайна ствараліся па адной У.г.).
У сучасных войнах і аперацыях таксама выкарыстоўваюцца У.г., у т. л. рэгіянальныя інфарм.-ўдарныя групоўкі войск (гл. таксама Маланкавая вайна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БА (тэхн.),
ударная частка молатаў, капроў і інш. машын, якія выконваюць карысную работу за кошт энергіі ўдару. Выкарыстоўваецца пры забіванні паляў, коўцы і штампоўцы розных дэталяў. Падыманне бабы выконваецца ручным або эл. прыводам, а таксама парам ці сціснутым паветрам. Маса бабы можа дасягаць 30 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРНА́Ч,
ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.