БУЛЫЧО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.​Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Булычоў. Раніца ў горадзе. 1957.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАВА (Таццяна Дзмітрыеўна) (н. 5.4.1944, Масква),

бел. кінааператар. Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1971). З 1971 на кінастудыі «Беларусьфільм». Арганізатар і дырэктар відэакінастудыі «Таццяна» (з 1991). Аператарскай манеры ўласціва стварэнне паэт. атмасферы дзеяння. На кінастудыі «Беларусьфільм» зняла маст. фільмы «Антыквары» (1972), «Вянок санетаў» (прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Берагі» (абодва 1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980), «Знак бяды» (1988) і інш.; на студыі «Таццяна» — маст. «Пейзаж з трыма купальшчыцамі» (1991, сумесна са студыяй «Патмас»), дакумент. «5 хвілін да кахання» (1993, з М.​Сідорчанка), «Мастак Барыс Забораў» (1995). Аператар тэлефільмаў «Там удалечыні за ракой» (1971), «Ясь і Яніна» (1974), «Чорны замак Альшанскі» (1984) і інш. Фільмы на інш. кінастудыях: «Юнацтва генія» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), «Назіральнік», «Дзіцячая пляцоўка» (абодва 1989), «Поўня» (1990), «Кветкі ад пераможцы» (1999).

Г.​У.​Шур.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,

колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.

У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 10​4, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 10​5.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,

залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.

Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.

Літ.:

Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ. М., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н ((Gauguin) Эжэн Анры Поль) (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)