Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Угра-фінскія мовы, гл. Фіна-угорскія мовы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,
аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч.тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́МБЕРЫ (Vámbéry; сапр.Бамбергер; Bamberger) Армін Герман
(19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),
венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф.усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1914.
Літ.:
Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РА,
старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн.Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр.Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́Ў (Іван Антонавіч) (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),
бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р.Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,
сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст.г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн.угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.
Літ.:
Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;
Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;
Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЛІ,
рускі нар.муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны рэзанатарны корпус розных памераў і формаў (крыла- і шлемападобныя, прамавугольныя), над верхняй дэкай якога нацягнуты жыльныя або метал. струны (ад 5—12 у крылападобных да 66 у прамавугольных). Поўны, яркі і звонкі гук узнікае пры зашчыпванні струн пальцамі, плектрам або брынканні па іх. Гуслі запазычаны рускімі ў балтаў і угра-фінаў, у якіх бытавалі ўжо ў глыбокай старажытнасці (звесткі ў эпасе «Калевала») пад рознымі назвамі (кантэле, кокле, кюсле і інш.). На Русі, паводле сведчання археал., пісьмовых і іканаграфічных помнікаў, гуслі выкарыстоўваліся для сольнай і ансамблевай ігры простымі людзьмі і прафес.нар. музыкантамі-скамарохамі (гуслярамі). Іх рэпертуар гістарычна мяняўся (ад нар. былін, песень і танцаў да твораў кампазітараў). З пач. 20 ст., пасля ўдасканалення і стварэння сям’і гусляў, увайшлі ў «хары гусляроў» і аркестры рус.нар. інструментаў. Зараз нар. гуслі зрэдку сустракаюцца на Пскоўшчыне. На Беларусі, паводле слоўнікаў 16—17 ст. (Л.Зізаній, П.Бярында), «гуслямі» наз. розныя струнныя інструменты (скрыпку, ліру, арфу, цытру), у наш час — некат. нар. духавыя (дудку, парныя дудкі, губны гармонік) і струнныя (цытру) муз. інструменты.