УВАСКРЭ́СЕННЕ,
паводле хрысціянскага веравучэння, вяртанне да жыцця распятага на крыжы і памерлага ў пакутах Ісуса Хрыста. У памяць яго У., якое, паводле падання, адбылося ў нядзелю, кожная нядзеля ў хрысціян лічыцца святочным днём. На 1-м Усяленскім (Нікейскім) саборы (325) было вырашана святкаваць У. Хрыстова штогод у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай (гл. Вялікдзень).
т. 16, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УВАСКРЭ́СЕННЕ ХРЫСТО́ВА»,
«Васкрэсенне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад», помнік бел. л-ры канца 18 ст.; ананімны вершаваны твор. Узнік пад непасрэдным уплывам укр. твора «Вершы на Вялікдзень», напісаны ў стылі травесці, перайшоў у фальклор і бытаваў у вуснай форме ў розных рэдакцыях. Адзін з варыянтаў апубл. ў зб. І.Насовіча «Беларускія песні» (1873), другі — у рукапісным зб. «Беларускія народныя легенды, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні, 1882—1890 г.». Напісаны на рэліг.-царк. тэматыку, але асвятляе з’явы ў жартоўнай, бурлескнай форме, адлюстроўвае асаблівасці жыцця і побыту бел. сялянства 18 ст. Аўтар у гумарыст. тоне апісвае біблейскі сюжэт аб другім прышэсці Ісуса Хрыста, настанні суднага дня і царства боскага. Біблейскія героі Адам, Ева, Самсон, кніжнік Майсей, мудрэц Саламон і інш. пададзены ў тагачасных абставінах; сваёй мовай, паводзінамі, рысамі характару яны больш падобны да звычайных сялян. У творы выразна прасочваецца асоба аўтара, яго погляд на жыццё і светабудову. Ідэйны змест «У.Х.» і аўтарская канцэпцыя светаўспрымання надаюць твору антырэліг. характар.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1968;
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968.
І.В.Саверчанка.
т. 16, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ (Tree) Герберт Дрэйпер Бірбам (17.12.1853, Лондан —2.7.1917),
англійскі акцёр, антрэпрэнёр, рэжысёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1876, з 1887 узначальваў т-р «Хеймаркет», у 1897—1915 — т-р «Хэр Маджэстыс». Паставіў 20 п’ес У.Шэкспіра. Сярод інш. спектакляў: «Танцоўшчыца» Г.Джонса (1891), «Жанчына, не вартая ўвагі» О.Уайльда (1893), «Ірад» (1900), «Уліс» (1902), «Нерон» (1906) С.Філіпса, «Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога (1903), «Пігмаліён» Б.Шоу (1914) і інш. Пастаноўкі вылучаліся відовішчнасцю, пышнасцю, знешнімі эфектамі. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, Рычард II (аднайм. п’есы Шэкспіра), Няхлюдаў («Уваскрэсенне»), У 1904 у Лондане заснаваў школу драм. мастацтва (пазней Каралеўская акадэмія драм. мастацтва).
т. 15, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў
(?—1698),
жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.
т. 6, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́ЕВА Настасся Платонаўна (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РКАЎ Васіл (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),
балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар. т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.Ф.Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.Яварава), Іванка («Іванка» В.Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.Вазава).
т. 8, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗМІН Іван Арцёмавіч (? — каля 1696),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).
т. 2, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДНЕР (Gardner) Джон Чэмплін (21.7.1933, г. Батэйвія, штат Нью-Йорк, ЗША — 14.9.1982),
амерыканскі пісьменнік, гісторык літаратуры, мастак. Аўтар раманаў «Уваскрэсенне» (1966), «Дыялогі з Сонечным» (1972), «Нікелевая гара» (1973), «Кастрычніцкае святло» (1976), «У гарах Самазабойства» (1977), «Кніга Фрэдзі» (1980), «Здані Мікельсана» (1982), аповесцей (зб. «Стараіндыйская абарона», 1974), апавяданняў (зб. «Мастацтва жыць», 1981, і інш.), літаратуразнаўчых даследаванняў. У сваіх творах сцвярджаў гуманіст. ідэалы, маральныя каштоўнасці, прыгажосць натуральнасці і годнасці асобы. Значную ўвагу аддаваў праблемам псіхалогіі і філасофіі пісьменніцкай працы.
Тв.:
Рус. пер. — Никелевая гора: Роман;
Королевский гамбит. Повесть;
Рассказы. М., 1979;
Осенний свет. М., 1981;
Искусство жить: Рассказы. М., 1984;
Жизнь и время Чосера. М., 1986.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́КЕР (Cikker) Ян (29.7.1911, г. Банска-Бістрыца, Славакія — 1989),
чэхаславацкі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў славацкай кампазітарскай школы. Нар. арт. Чэхаславакіі (1966). Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (1930—35). У 1945—48 кіраўнік рэпертуарнай ч. опернай трупы Славацкага нац. т-ра. У 1951—81 праф. Вышэйшай школы муз. мастацтваў у Браціславе. У творчасці спалучаў асаблівасці нац. муз. фальклору з прыёмамі сучаснай зах.-еўрап. кампазіцыйнай тэхнікі. Сярод твораў: оперы «Уваскрэсенне» (паст. 1962), «Містэр Скрудж» (паст. 1963), «Карыялан» (паст. 1974), «Аблога Бістрыцы» (паст. 1983), «З жыцця насякомых» (1985); кантата (1940), араторыя «Ода радасці» (1982), 3 сімфоніі (1930—74), 3 стр. квартэты. Пісаў музыку да драм. спектакляў, кіно.
т. 17, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЛІ́НСКІС, Цылінскі (Cilinskis) Гунарс Алфрэдавіч (23.5.1931, г. Огрэ, Латвія — 25.7.1992), латвійскі акцёр, сцэнарыст, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў тэатр. ф-т Латв. кансерваторыі (1955). У 1955—75 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта. Сярод роляў: Оскар Клява («Сын рыбака» В.Лаціса), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» Л.Талстога), Лаэрт («Гамлет» У.Шэкспіра). Выканаў ролі моцных і мужных людзей у фільмах «Накцюрн», «Моцныя духам», «У цені смерці», «Пад перакуленым месяцам» і інш. Паставіў фільмы: «Саната над возерам» (1976, з В.Браслам), «Ранняя ржа» (1979), «Таран» (1982), «Страх» (1986), «Дзіўнае месяцавае святло» (1987), «Індраны» (1991) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968. Дзярж. прэмія Латвіі 1977.
Літ.:
Кокоревич Б.А. Гунар Цилинский. М., 1978.
т. 17, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)