Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПАКАЁВЫЯ САБА́КІ,
пакаёвыя сабакі, група выведзеных парод свойскіх сабак з арыгінальнымі вонкавымі формамі і канстытуцыяй, якіх гадуюць з эстэтычнымі і пазнавальнымі мэтамі. Як дэкар. трымаюць некат. службовых сабак і паляўнічых сабак, якія страцілі сваё першапачатковае прызначэнне. Асабліва папулярныя карлікавыя тэр’еры і пінчэры, балонкі, пудзелі, шпіцы, японскі хін і інш. На Беларусі з Д.-п.с.найб. гадуюць балонак, сенбернара, пекінскага сабаку, французскага бульдога, чау-чау, японскага хіна, некат. шпіцаў, пудзеляў, тэр’ераў, пінчэраў.
Шпіцы (вялікі, карлікавы, вольфшпіц) выш. ў карку 27—50 см; поўсць пушыстая, густая, белая, чорная, шэрая, рыжая. Тэр’еры (скотч- і скайтэр’ер) выш. ў карку 18—26 см; поўсць кароткая або доўгая чорная і карычневая з падпалінамі, шэрая, рыжая і інш.; хвост купіруецца. Пінчэры (сярэдні і карлікавы) выш. ў карку 25—48 см; поўсць кароткая чорная з падпалінамі; купіруюцца хвост і вушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РНЫЯ САБА́КІ,
група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш.тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт.Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.